Гэта гісторыя, якая з табой дакладна не адбудзецца. Гэта ж пра ВІЧ, які магчымы недзе там, «у Еўропах» або ў падручніках. Мы пра ВІЧ і так усё ведаем. Толькі сутыкнуўшыся з праблемай тварам да твару разумееш — страхаў і стэрэатыпаў у талерантных беларусаў нашмат больш, чым ведаў з адукацыйных буклетаў і прафілактычных улётак.
У гродзенскім кінаклубе «Ракурс» 9 студзеня паглядзелі і абмеркавалі фільм «II» беларускай рэжысёркі Улады Сяньковай. Пра тое, як здымалі фільм і чаму яго «не трэба» глядзець падлеткам, распавялі прадзюсар Мікалай Лаўранюк і акцёр Аляксей Вайніловіч.
«Пасля фільма некаторыя пайшлі рабіць тэсты на ВІЧ»
Зняць фільм пра праблему ВІЧ центрe «АРТ Корпорейшн» прапанаваў Інстытут ЮНЕСКА па інфармацыйных тэхналогіях і адукацыі.
«Спачатку думалі пра дакументалку, потым з’явілася ідэя зрабіць ігравое кіно. Улада Сянькова і Саша Лясько напісалі сцэнар. У выніку атрымаўся фільм на гадзіну. Яго знялі за 6 дзён», — распавёў Мікалай Лаўранюк.
Задачы зрабіць адукацыйны матэрыял у здымачнай групы не было. Інфармацыі пра ВІЧ дастаткова ў адкрытым доступе. «Падумалі, наш фільм якраз стане стымулам, каб людзі пастараліся самі нешта знайсці. Я ведаю такія выпадкі, калі гледачы пасля фільма рабілі тэст на ВІЧ».
Калі здымалі, вырашылі ўсе таксама зрабіць тэст на ВІЧ, распавёў Аляксей Вайніловіч: «І тут нехта кажа: а раптам у каго з нас ВІЧ? А іншы такі: ой, а мы ж з адной бутэлькі пілі». Як у кіно ўсё і здарылася. Хоць сцэнар перад здымкамі чыталі".
З іншага боку праект не толькі пра людзей з ВІЧ. «Гэта больш аб праблемах стыгматызацыі, калі грамадства робіць чалавека ізгоем, пачынаецца цкаванне і ізаляцыя. Такое можа закрануць любога, хто адрозніваецца ад большасці».
100% беларускі праект
Галоўныя ролі ў стужцы выканалі маладыя акцёры Аліна Юхневіч, Аляксей Вайніловіч і Іларыя Шашко.
Па словах прадзюсара, спачатку галоўную ролю прапанавалі іншай выканаўцы, але яна адмовілася граць ВІЧ-інфікаваную гераіню. Маўляў, з-за такой ролі могуць быць іміджавыя страты. Некаторыя акцёры адмаўляліся з-за невысокіх ганарараў, але ў асноўным згаджаліся адразу. «У беларускіх артыстаў не так шмат магчымасцяў для творчай рэалізацыі - альбо серыялы расійскія, альбо тэатр. А тут было цікава працаваць».
На Варшаўскім міжнародным кінафестывалі карціна заслужыла асаблівае ўпамінанне журы за «кінематаграфічны голас з краіны, слаба прадстаўленай на сусветнай сцэне, які ўзрушыў нас сваім смелым, адважным і свежым расповедам гісторыі, якая звяртаецца да жорсткай рэальнасці сацыяльнай ізаляцыі».
Для каго фільм, калі падлеткам глядзець нельга?
На гродзенскай прэм’еры фільм паказалі ў версіі 18+. На думку гледачоў, падлеткавая тусоўка выглядала цалкам праўдападобна і нават «гіперрэалістычна». Там гучалі сучасныя музычныя трэкі, а школьнікі не заўсёды выглядалі паінькам. Часам яны біліся, былі сцэны булінгу, у некаторых эпізодах чуўся мат, часам можна было здагадацца, што падлеткі не зусім цвярозыя.
У адкрыты пракат выйшла больш мяккая версія фільма 16+. У ёй заглушаныя нецэнзурныя выразы.
Атрымліваецца, што фільм здымалі для падлеткавай аўдыторыі, але паглядзець яго на «законных падставах» у мэтавай аўдыторыі не вельмі атрымаецца.
«Ёсць заканадаўства, ёсць Мінкульт, які па сваіх правілах выстаўляе абмежаванні. Нецэнзурная лексіка — гэта адразу 18+», — каментуе Мікалай Лаўранюк.
У Гродне фільм будзе ў пракаце да 15 студзеня. Паглядзець яго можна ў кінатэатры «Чырвоная зорка».