У Беларусі распачалі збор сродкаў на дапамогу аштрафаваным і арыштаваным удзельнікам вулічных акцый супраць паглыблення інтэграцыі Беларусі і Расеі. Сродкі збірае кампанія #BY_help.
У Беларусі грошы можна ахвяраваць праз сайт MolaMola.by, з-за мяжы — на рахунак PayPal alaksiej.lavoncyk@tol.org. Пра іншыя спосабы пераводу грошай можна даведацца праз пошту alaksiej.lavoncyk@tol.org і па тэлефоне +375 445 100 511, або праз паведамленні на старонцы ў Facebook.
Кампанія #BY_help была створана ў 2017 годзе для дапамогі асуджаным за «Маршы недармаедаў» і іх сем’ям. Тады агулам сабралі 55 тысяч долараў. Пазней адкрывалі збор сродкаў для журналістаў, аштрафаваных за «справу БелТА» і сабралі 5500 долараў. Таксама збіралі сродкі сем’ям пацярпелых ад нападу ў Сталбцах.
Паводле падлікаў кампаніі, агульная сума штрафаў можа перавысіць 80 тысяч рублёў, таксама сабраныя сродкі пойдуць па аплату за ўтрыманне арыштаваных. Кампанія абяцае даваць падрабязныя справаздачы пра тое, куды пайшлі грошы.