38-гадовы Руслан Абрамчык ад 4 студзеня стаў начальнікам галоўнага ўпраўлення адукацыі Гродзенскага аблвыканкама, піша nn.by. Да гэтага часу Абрамчык быў намеснікам старшыні Карэліцкага райвыканкама.

Руслан Абрамчык нарадзіўся ў 1981 годзе ў вёсцы Краснае Карэліцкага раёна. Скончыў БДПУ імя Максіма Танка, па адукацыі — настаўнік геаграфіі і і біялогіі. Працаваў настаўнікам у школе ў Красным, быў дырэктарам СШ № 2 у Карэлічах. Ад 2010 — намеснік старшыні па сацыяльных пытаннях у Карэліцкім райвыканкаме.

Руслан Абрамчык актыўна карыстаецца беларускай мовай у сваёй працы. Па-беларуску ён выступаў у перадачы «У абстаноўцы міру» на тэлеканале СТБ, на роднай мове пераважна піша ў сацсетках, выступае па-беларуску на розных мерапрыемствах.

Месца начальніка ўпраўлення стала вакантным пасля таго, як у Палату прадстаўнікоў быў абраны Аляксандр Сангін. У дэпутаты ён балатаваўся якраз па Навагрудку і Карэлічах. Адметна, што падчас першых сесій Палаты прадстаўнікоў Сангін выступаў па-беларуску.

Чытайце таксама: Каму патрэбна беларуская мова ў Гродне: перамогі і паразы ТБМ

У Гродне на сёння працуюць тры школы, у якіх ёсць класы з беларускай мовай навучання. Цалкам беларускамоўных школ у абласным цэнтры няма зусім.