Раніцай 1 студзеня з’явілася інфармацыя, што 18-гадовы хлопец пры затрыманні параніў двух супрацоўнікаў Дэпартамэнту аховы у Верхнядзвінску. Напярэдадні хлопец апублікаваў відэазварот на Youtubeса спасылкай на канал у Telegram. Паводле непацверджанай інфармацыі перад затрыманнем хлопец кінуў у будынак Верхнядзвінскага РАУС бутэльку з падпальнай вадкасцю. Што яшчэ вядома пра хлопца, які здзейсніў напад?

У телеграм-канале хлопца сказана, што яму 18 гадоў, ён студэнт, у Верхнядзвінск прыехаў са Смаргоні. Кінуць бутэльку з кактэйлем Молатава на тэрыторыю Дэпартамента аховы ён вырашыў, кіруючыся сваімі перакананнямі.

Прыхільнік стварэння арганізацыі, якая з дапамогай гвалту зменіць стан спраў

Мяркуючы па маніфесце маладога чалавека, ён з’яўляецца радыкальным паслядоўнікам мерытакратыі (прынцып кіравання, згодна з якім кіруючыя пасады павінны займаць найбольш здольныя людзі, незалежна ад іх сацыяльнага паходжання і фінансавага дастатку), піша t*t.by. Таксама ён прыхільнік наакратыі (від палітычнага ладу або сацыяльнай сістэмы грамадства, якая «заснавана на прыярытэце чалавечага розуму»), трансгуманізму (філасофская канцэпцыя, якая грунтуецца на ідэі паляпшэння фізічных, разумовых і эмацыйных якасцяў чалавека з дапамогай тэхналогій), сацыял-дарвінізму (ідэйная плынь, што дэкларуе прынцып натуральнага адбору, барацьбы за існаванне, выжывання найбольш прыстасаваных ў грамадстве), секулярызму (канцэпцыя, згодна з якой урад і іншыя крыніцы нормаў права павінны існаваць асобна ад любога тыпу рэлігій) і натхняецца яшчэ шэрагам плыняў і канцэпцый у яго ўласнай інтэрпрэтацыі.

Рэцэптам пабудовы паспяховага грамадства ён называе стварэнне арганізацыі, якая з дапамогай гвалту зменіць існуючы стан спраў і перадасць уладу прывілеяванай касты людзей, якая валодае неабходнымі, з яго пункту гледжання, здольнасцямі для кіравання дзяржавай.

Што кажуць пра хлопца былая настаўніца і аднакласнікі

«Радыё С**бода» паразмаўляла з класнай кіраўніцай і аднакласнікамі хлопца, які размясціў на Youtube зварот і ўзяў на сябе адказнасць за напад на міліцыянтаў у Верхнядзвінску. Афіцыйнай інфармацыі пра асобу нападніка і падрабязнасцяў пра здарэнне няма.

Аўтару відэа Г. 18 гадоў. Ён са Смаргоні і летась скончыў школу.

Алена Яўгенаўна, былая класная кіраўніца Г., вельмі расстроеная навінамі пра хлопца.

«Я шчыра шкадую, што яго ніхто не спыніў. Ён з нармальнай сям'і. Маці працуе. На жаль, бацькі развяліся, але цяпер такіх сем’яў шмат, і гэта не падстава казаць, што яму нечага не хапала».

Бацька Г. — прадпрымальнік Юрый. Ён уладальнік некалькіх крамаў у Смаргоні.

Алена Яўгенаўна кажа, што Г. не мог наладжваць стасункі з аднаклснікамі, не меў сяброў. Ён памяняў некалькі школ і ў класе Алены Яўгенаўны вучыўся апошнія два гады.

«Гэта быў ваенна-патрыятычны клас. Мы спадзяваліся, што яму будзе цікава. Г. заўжды захапляўся гісторыяй. У яго трэцяе месца на абласной алімпіядзе па гісторыі ў 11-й класе. Мы вельмі ганарыліся ім. Але з іншымі дзецьмі ў яго аніякіх кантактаў не было. Абсалютна. Ён сам па сабе, такі воўк-адзіночка».

Знаёмыя ў размове са «С**бодай» характарызуюць Г. як агрэсіўнага чалавека.

«Гэты хлопец быў вельмі закрыты! Таму мы не кантактавалі, і я яго ня ведаў! Але ў школе ён часта пагражаў нам. Мы лічылі, што гэта ўсё жарт», — распавядае былы аднакласнік Г.

Алена Яўгенаўна кажа, што з ім было цяжка працаваць, у яго ўвесь час былі канфлікты з аднакласнікамі і настаўнікамі. «Непакладзісты, неадаптаваны да жыцця ў грамадстве», — кажа пра былога вучня настаўніца.

«Вельмі інтэлектуальна развіты, прамы, зусім ня ўмее хітраваць. У мяне такое пачуццё, што ён ня гэтага часу дзіця. Калі б ён жыў у XVII стагоддзі, біўся б на дуэлях, можа, у больш дэмакратычным грамадстве сябе неяк праяўляў… Але ў гэтым грамадстве яму было вельмі некамфортна».

Прыхільнік сацыял-дарвінізму. Што яшчэ вядома пра хлопца, які сцвярджае, што напаў на РАУС
Г.
Паводле словаў іншага аднакласніка, Г. гуляў у кампутарную гульню Counter-Strike, хадзіў у музычную школу і граў на гітары.

«Ён сам вельмі разумны. Перамагаў на алімпіядах. Але па адзнаках, што было дзіўна, у яго не вельмі добра ўсё было. Ён ведаў, як што рабіць, але не рабіў. Ён тупа сядзеў і не пісаў. Заўсёды ў школу спазняўся хвілін на 20, кожны дзень, рэдка, калі своечасова прыходзіў. Яго мама казала, што гэта з прычыны таго, што яму не падабалася, калі на яго ўсе глядзяць. Маўляў, раніцай шмат людзей у школе», — кажа знаёмы Г.

Ён дадае, што сяброў у Г. не было. «Былі ўмоўныя. Аднакласнікі з іншай школы, з якімі ён пару словамі перакінуўся і ўсё».

Алена Яўгенаўна мяркуе, што ў Г. былі не такія простыя стасункі з маці. У сям'і таксама ёсць дарослы старэйшы брат. Аднак Г. заўжды быў дагледжаным дзіцём, маці актыўна цікавілася яго жыццём. Бацьку Г. класная кіраўніца ніколі ня бачыла і ня ведае, ці падтрымлівае ён стасункі з хлопцам. Паводле яе звестак, бацькі Г. развяліся, калі той вучыўся ў 5-й класе.

Вучыўся Г. добра. Пасля школы нібыта паступіў у Полацкі ўніверсітэт (гэта пацвердзіць не ўдалося — РС). Дзе ён мог пазнаёміцца з ідэямі, якія падштурхнулі яго да гэтага ўчынку, настаўніца нават не ўяўляе.

«Адзіночка», — кажа пра Г. былая настаўніца. — Нейкая нярвовасць у ім была, сум у вачах. Магчыма, нават нешта на ўзроўні псіхікі. Гэта было праблемнае дзіця".

Алена Яўгенаўна вельмі шкадуе пра тое, што здарылася з былым вучням.

«Ён мог бы стаць вучоным, зрабіць кар’еру. А цяпер гэта паламаны лёс на самым узлёце — ці турма ці псіхушка».

Міліцыя настаўніцу яшчэ не апытвала.