Комплекс будынкаў былога гродзенскага піўзавода, які цяпер выстаўлены на таргi, можа быць набыты польскай кампаніяй «Royal Hotel», паведамляе «Вячэрні Гродна». Інфармацыю Hrodna.life пацвердзіў Мечыслаў Гой.

Як распавёў старшыня гарвыканкама, папярэдне там плануюць зрабіць бровар і гатэль на 100 месцаў. Папярэднія перамовы з інвестарам ужо прайшлі. Польская фірма гатовая ўкласці да 13 мільёнаў даляраў.

Праектную дакументацыю новы ўладальнік павінен будзе распрацаваць на працягу двух гадоў з моманту заключэння дамовы куплі-продажу, а завяршыць рэканструкцыю не пазней чатырох гадоў з моманту падпісання дамовы.

Комплекс будынкаў піваварнага завода ў Гродне ўнесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў Беларусі як помнік архітэктуры другой паловы XIX стагоддзя. У 2010 годзе аб’ект быў набыты СТАА «Экопромэнерго». Аднак у сувязі з невыкананнем дагаворных абавязацельстваў і пагрозай разбурэння ён па рашэнні суда ў лютым 2017 года вернуты ў камунальную ўласнасць Гродзенскага гарвыканкама. У мае 2017 года дах будынка быў знішчаны моцным пажарам. Яго аднавілі. Пасля ацэнкі аб’ект прапануюць патэнцыйным інвестарам. Апошні раз яго спрабавалі прадаць у лістападзе, але не знайшлі пакупніка.


У Гродне не змаглі прадаць з таргоў піўзавод

Палац-завод-палац: блогер прапануе канцэпцыю аднаўлення піўзавода ў Гродне