«Сланы ідуць у пошуках вады — і гэтак жа я іду ў жыцці і шукаю вось гэтую ваду, калі я ўсё ж яе знайду, нейкую разыначку ў жывапісе. Кожны мастак шукае самога сябе», — распавядае пра выставу Канстанцін Борын, адзін з пачынальнікаў тату-арту ў Гродне. Ён патлумачыў, чаму любіць маляваць сланоў і што агульнага ў тату-арту і жывапісу.
Выстаўка «Сланы» восенню прайшла ў галерэі «Тызенгаўза». Для кавярні «AvaCava» Канстанцін дапоўніў экспазіцыю іншымі карцінамі з японскімі матывамі і канямі. У экспазіцыю ўвайшлі 13 работ. Яе называюць адной з самых глыбокіх персанальных выстаў аўтара. Дарэчы, ні адна з карцін на выставе не мае назвы — каб не ўплываць на ўспрыманне гледача.
Персанальная выстава задумалася ў 2012 годзе. Канстанцін зразумеў, што гатовы да яе, калі адчуў сілу. Кажа, месцамі ствараць было лёгка, месцамі - складана. «Як штосьці прыходзіць, так усё досыць проста. А часам трэба было і падумаць, што з гэтым зрабіць».
— Сланы — вялікія, прыгожыя і магутныя. Яны як вобраз — вельмі прыгожы і фактурны. Можна было б любы вобраз выбраць, але выбраліся сланы — і ў іх я адлюстраваў тое, што ўмею. «Вобраз чагосьці ўнутранага, нейкі настрой жыццёвы, выліліся менавіта ў сланоў», — тлумачыць Канстанцін.
Спецыялісты кажуць, што сланы найбольш ярка адлюстроўваюць філасофію жывапісу мастака, уменне эксперыментаваць з колерам, разуменне формы, фактуры і кампазіцыі. А кожны са сланоў - унікальны, па-свойму глыбокі, гуллівы, агрэсіўны, складзены і просты, кожны з іх распавядае адмысловую, непаўторную гісторыю.
Апошняя персанальная выстава Канстанціна была 18 гадоў таму. Тады ён маляваў матылькоў. «А зараз я прыйшоў да сланоў. Спачатку было такое лёгкае насякомае, а прыйшоў да цяжкай істоты. Гэта, напэўна, і ёсць гэты пошук», — разважае Канстанцін.