Турыстычны брэнд Гродна афіцыйна прадставілі 12 снежня. У гарвыканкаме яго прэзентавалі стваральнікі - студыя «GRAFIT» з Брэста. Свой праект дызайнеры на старце конкурсу ацанілі ў 10 рублёў, але на прэзентацыі распавялі, што праца магла каштаваць значна даражэй.
Брэнд прадстаўляў адзін з заснавальнікаў брэсцкай студыі Уладзімір Платоненка (вядомы пад псеўданімам Вова Плюмбум).
«Раней мы ўдзельнічалі ў конкурсе лагатыпаў на 1000-годдзе Брэста. Вырашылі паўдзельнічаць і ў конкурсе ў Гродне. Нас не адпужала тое, што самі мы з Брэста. Наадварот, мы працуем з многімі гарадамі ў Беларусі і Расіі і бачым іх як турысты. Нам гэта вельмі дапамагло ў стварэнні турыстычнага брэнда».
Слоган прапанавала гродзенка
Пасля абвяшчэння вынікаў конкурса, студыю актыўна крытыкавалі гродзенцы. Уладзімір Плюмбум кажа, што тады ў інтэрнэце паказалі толькі лагатып, але гэта толькі частка ўсяго брэнда, адзін са складнікаў.
«Акрамя негатыўных каментароў мы атрымалі і шмат пазітыўных водгукаў у сацыяльных сетках. Напрыклад, слоган новага брэнда прапанавала жыхарка Гродна. Мы яго крыху змянілі і выкарысталі. На негатыўныя каментары ў інтэрнэце стараліся не адказваць, адказалі толькі двум асабліва дзёрзкім людзям, якія чакалі адказу. Але на канкрэтна пастаўленыя намі пытанні яны самі так і не адказалі».
Удзельнічалі з цікавасці
Уладзімір кажа, што дызайнерскі праект яны прадалі Гродна ўсяго за 10 рублёў. У конкурсе яны ўдзельнічалі з цікавасці.
«Мы планавалі зрабіць брэнд бясплатна. Суму ў 10 рублёў мы напісалі толькі для дакументацыі - была такая графа. Толькі потым мы зразумелі, што яе можна было не запаўняць. Мы перадаем Гродна аўтарскія правы на брэнд. А наогул цэны на распрацоўку турыстычных брэндаў розныя».
«GRAFIT» займаліся распрацоўкай брэнда для Гродна, таму што ў іх быў вольны час. Калі для гэтай працы прыйшлося б чымсьці ахвяраваць, то, магчыма, яны б агучылі зусім іншую суму.
Турыстычны брэнд Гродна выбралі 24 кастрычніка ў гарвыканкаме. У двух турах на суд журы і гараджан прадставілі паўсотні прапаноў. Члены журы аддалі перавагу праекту брэсцкай студыі «GRAFIT». Некаторыя гродзенцы былі незадаволеныя выбарам і патрабавалі адмяніць вынікі конкурсу або правесці яго яшчэ раз.
У гарвыканкаме пераможцам сказалі дапрацаваць праект і прыдумаць новы слоган замест прапанаванага «Я люблю цябе». У выніку з’явіўся слоган «Легенды нараджаюцца тут».