У Польшчы працуе 231 беларускі лекар, сярод іншаземцаў больш толькі ўкраінцаў — 470.

У Польшчы загаварылі пра спрашчэньне ўмоваў працаўладкаваньня для лекараў з краін па-за межамі Эўразьвязу. Байнэт адгукнуўся зайздрасьцю да сваіх дактароў, якія змогуць зарабляць па 4 тысячы эўра ў месяц. У Польшчы настроі іншыя. Беларускія лекары расказалі С**бодзе, як ім працуецца за заходняй мяжой.

Што трэба беларускаму лекару, каб працаваць у Польшчы

  • Зрабіць настрыфікацыю — пацьверджаньне дыплёму для замежных спэцыялістаў. Яе таксама робяць палякі, якія вучыліся за мяжой, але вярнуліся працаваць на радзіму.
  • Здаць экзамэн на веданьне польскай мовы.
  • Першы этап працы — пасьлядыплёмнае стажаваньне. Можна параўнаць з інтэрнатурай у беларускай сыстэме мэдычнай адукацыі. Лекар мае абмежаваны дазвол выконваць абавязкі, працуе пад наглядам свайго каардынатара. Займае 12−13 месяцаў.
  • Здаць заключны лекарскі экзамэн (падчас або пасьля стажаваньня).
  • Другі этап — рэзыдэнтура або спэцыялізацыя, калі лекар абірае сабе пэўны кірунак (прыкладам, хірургія), знаходзіць месца працы і напрацоўвае стаж. Займае 4−6 гадоў у залежнасьці ад накірунку.
  • Здаць дзяржаўны спэцыялізаваны экзамэн. Пасьля гэтага лекар стае спэцыялістам. Спэцыялістам быць больш прэстыжна, ён можа мець большы заробак. Але ў Польшчы можна працаваць лекарам і без спэцыялізацыі. У Беларусі лекар лічыцца спэцыялістам ужо пасьля інтэрнатуры.

Этапы ад пасьлядыплёмнага стажаваньня да дзяржаўнага лекарскага экзамэну — агульныя як для іншаземцаў, так і для палякаў.

«Настрыфікацыю зь першага разу здаюць 30−40% лекараў»

Законапраект, накіраваны на тое, каб спрасьціць працэс настрыфікацыі, зьявіўся ў Польшчы сёлета. Але ідэю абмяркоўваюць ужо каля 5 гадоў. Асобнай згадкі беларусаў у законапраекце няма, тлумачыць навуковы старшыня некамэрцыйнай арганізацыі «Незалежнае таварыства расейскамоўных лекараў у сьвеце» Яўгеній Мазгуноў. Ён паходзіць з расейскага Чалябінску, кандыдат мэдыцынскіх навук, анэстэзіёляг-рэаніматоляг, працуе ў польскім горадзе Аполе.

Яўген Мазгуноў
Яўген Мазгуноў

«Польшча пакуль нікому нічога не абяцае. Настрыфікацыя — першы і самы складаны этап пацьверджаньня замежнай лекарскай адукацыі. Яе зь першага разу здаюць 30−40% лекараў. Цяпер настрыфікацыя праходзіць у 15 польскіх ВНУ паводле розных праграмаў. Яе хочуць аддаць у адзіны цэнтар дзяржаўных экзамэнаў. Ня факт, што пры гэтым экзамэн ня стане больш складаным», — кажа Мазгуноў.

Настрыфікацыю многія не здаюць зь першага разу
Настрыфікацыю многія не здаюць зь першага разу
Лекары кажуць, што з кожным годам пацьвярджаць дыплём у Польшчы ўсё цяжэй
Лекары кажуць, што з кожным годам пацьвярджаць дыплём у Польшчы ўсё цяжэй

Паводле законапраекту лекары змогуць працаваць і без настрыфікацыі, патрэбна будзе здаць толькі прасьцейшы экзамэн. Але тады іх замацуюць за канкрэтным шпіталем і дадуць часовыя ліцэнзіі максымум на 5 гадоў. Ім нельга будзе працаваць у іншым шпіталі або працягнуць тэрмін ліцэнзіі. Калі праз 5 гадоў яны не пасьпеюць здаць настрыфікацыйны экзамэн, давядзецца вяртацца на радзіму.

«Зьявяцца „прыгонныя лекары“. Ня факт, што законапраект пройдзе. Яго фармуе Міністэрства аховы здароўя, а Найвышэйшая лекарская палата [орган самакіраваньня лекараў, які выдае ім ліцэнзіі] рэзка супраць яго», — кажа Мазгуноў.

У Польшчы найменш лекараў на колькасьць пацыентаў сярод іншых краін Эўразьвязу — 2,2 лекары на 1000 чалавек насельніцтва, гэта ўдвая менш за сярэдні паказьнік у Эўразьвязе (зьвесткі Арганізацыі эканамічнага супрацоўніцтва і разьвіцьця). Яўгеній Мазгуноў бачыць прычыны ў тым, што мала ВНУ, цяжка паступаць і вучыцца, доўгі пэрыяд рэзыдэнтуры, пасьля якой лекар становіцца спэцыялістам (4−6 гадоў), высокая эміграцыя польскіх лекараў — 10−15%.

Лекараў на душу насельніцтва ў Польшчы менш, чым у іншых краінах Эўразьвязу
Лекараў на душу насельніцтва ў Польшчы менш, чым у іншых краінах Эўразьвязу

Малады лекар зарабляе 700 даляраў

Хірург Яўген Барташэвіч паходзіць зь Ліды. Каля году жыве разам з жонкай і дзіцём у невялікім польскім горадзе Эльблёнгу (50 кілямэтраў ад Гданьску).

Яўген Барташэвіч
Яўген Барташэвіч

«У пасьведчаньні аб нараджэньні напісана, што я паляк, хаця я больш адчуваю сябе беларусам. Я каталік. Бацька, бабуля, дзядуля — палякі, хоць па-польску ў сям'і ніхто не размаўляў. Я зразумеў, што ў Беларусі няма сэнсу заставацца — з улікам палітычных і эканамічных абставінаў», — кажа Яўген.

Ён заканчвае пасьлядыплёмнае стажаваньне.

«Сыстэма ў Польшчы падобная да ЗША або Ангельшчыны. У мяне цяпер абмежаванае права выкананьня прафэсіі. Я магу выконваць усе абавязкі лекара ў шпіталі, дзе стажуюся. У мяне ёсьць кіраўнік — загадчык аддзяленьня. Пры памылцы з майго боку адказнасьць нясе ён. Я раблю апэрацыі пад наглядам, працаваў як асыстэнт», — расказвае Яўген.

Чарга ў дзяржаўнай паліклініцы ва Ўроцлаве
Чарга ў дзяржаўнай паліклініцы ва Ўроцлаве

Ён тлумачыць, што лягчэй уладкавацца на пасьлядыплёмнае стажаваньне, калі ёсьць «карта паляка» або від на сталае месца жыхарства ў Польшчы. Тады лекар будзе атрымліваць заробак. На стажаваньні ён аднолькавы ва ўсёй Польшчы — каля 2700−2800 злотых (каля 700 даляраў) у месяц для палякаў і для непалякаў. Сюды ўваходзіць каля 40 гадзін штотыднёвай працы разам зь дзяжурствамі.

Бяз гэтых дакумэнтаў можна стажавацца на ўмовах валянтарыяту — то бок працаваць бясплатна год. Але ёсьць іншы шлях: дамовіцца са шпіталем пра стаж, той падае ва ўпраўленьне аховы здароўя заяўку, што патрабуе такога чалавека ў штат, і тады лекару плацяць заробак. Шпіталь можа пайсьці насустрач, бо бракуе кадраў.

«Нават цырульнікі зарабляюць больш»

«Пасьля стажаваньня можна пачаць зарабляць ад 80−100 злотых за гадзіну, спачатку працуючы як доктар без спэцыялізацыі. У сутнасьці гэта як у Беларусі лекар агульнай практыкі. Лекар можа працаваць у паліклініцы, на хуткай дапамозе, у прыёмным пакоі, мае права адкрыць прыватную практыку», — працягвае Яўген Барташэвіч.

Пасьля стажаваньня лекарам раяць паўгода-год папрацаваць у паліклініцы без спэцыялізацыі, каб зарабіць грошай.

Калі лекар пачынае рэзыдэнтуру, ён зарабляе менш. На стаўку выходзіць каля 5 тысяч злотых (1300 даляраў) у месяц. Але тады ён мае права браць дадатковыя дзяжурствы, у тым ліку ў іншых шпіталях, падпрацоўкі ў паліклініках, на хуткай дапамозе, у прыватных кабінэтах. На стажаваньні дадаткова падпрацоўваць лекарам забаронена, але можна зарабляць, напрыклад, кур’ерам ці таксоўцам.

Яўген Барташэвіч
Яўген Барташэвіч

«Мае знаёмыя за месяц з падпрацовак на рэзыдэнтуры зарабілі 20 тысяч злотых (каля 5 тысяч даляраў). У мяне ёсьць знаёмая — пэдыятар, якая працуе 400 гадзін у месяц. Амаль не бывае дома, але прыстойна зарабляе. Заробак у нэанатоляга ў Варшаве ў навагоднюю ноч амаль 900 злотых за гадзіну. На сьвяты стаўкі павышаюцца. У гэты пэрыяд лекары могуць браць дзяжурствы ў іншым канцы Польшчы, каб зарабіць. Цяпер ідзе кампанія, дзе маладыя лекары змагаюцца, каб заробак пачынаўся ад 100 злотых за гадзіну, бо нават цырульнікі і касмэтолягі зарабляюць больш. Лекары за ноч на хуткай дапамозе атрымліваюць 250 злотых», — кажа беларус.

Яўген пакуль не падпрацоўвае, у вольны час рыхтуецца да экзамэну. На арэнду кватэры сям’я аддае 1500 злотых у месяц. Без запасаў пратрымацца гэты год цяжка.

Пасьля стажаваньня Яўген будзе здаваць экзамэн. На падставе атрыманай адзнакі лекар потым шукае месца для спэцыялізацыі. Існуе сайт, дзе шпіталі пакідаюць вакансіі, а лекары дасылаюць туды заяўкі. Ідзе конкурсны адбор. Больш папулярныя кірункі — дэрматалёгія, гінэкалёгія, плястычная хірургія.

Яўген плянуе спэцыялізавацца ў хірургіі — гэта 6 гадоў працы па спэцыяльнасьці. У рэзыдэнтуры заробак можа плаціць Міністэрства здароўя або сам шпіталь. На папулярных кірунках рэзыдэнты могуць працаваць без заробку, а зарабляць падпрацоўкамі.

Машына хуткай дапамогі ў Кельцах
Машына хуткай дапамогі ў Кельцах

«Пра настрыфікацыю гавораць перад кожнымі выбарамі»

«Неба і зямля, — Яўген параўноўвае ўмовы ў польскай і беларускай мэдыцыне. — Нават у дробным шпіталі ў Саколцы (мястэчка паміж Горадняй і Беластокам) абсталяваньне ўзроўню як мінімум абласнога шпіталя. У Польшчы няма праблем, як у беларускіх шпіталях, калі ў канцы году не хапае мэдыцынскіх пальчатак або прэпаратаў для наркозу».

Яўген у сваім шпіталі не заўважаў да сябе кепскага стаўленьня праз тое, што ён ня з Польшчы.

Бязь віду на сталае месца жыхарства або «карты паляка» ўладкавацца на стажаваньне складана
Бязь віду на сталае месца жыхарства або «карты паляка» ўладкавацца на стажаваньне складана

Суразмоўца кажа, што пытаньне настрыфікацыі падымаюць перад кожнымі выбарамі апошнія пяць гадоў. Цяпер яе здаюць і вусна, і пісьмова, і з практычнай часткай, у залежнасьці ад ВНУ. Экзамэн цяжкі. Яўген здаваў яго ў выглядзе тэсту са 150 пытаньняў у розных дысцыплінах.

Ён мяркуе, што зьмены ў законе прывядуць да дэмпінгу заробкаў, бо тыя, хто ня пройдзе настрыфікацыю, будуць прымацаваныя да канкрэтнага шпіталя, ня будзе як дадаткова падпрацоўваць. Зь іншага боку, у Польшчы і так вялікі кадравы голад, многія лекары адразу зьяжджаюць працаваць за мяжу. Прыкладам, у Нямеччыне за такі ж аб’ём працы можна зарабіць у 4 разы больш.

Пасьля трох гадоў працы ў Польшчы Яўген таксама зможа паехаць далей на захад. Тады яму трэба будзе здаваць толькі моўны экзамэн.

Вялікая адказнасьць — браць чалавека бяз поўнага права на працу

Вольга, лекар-стаматоляг, амаль 7 гадоў працуе ў Польшчы. Пераехала, бо выйшла замуж. Неабходныя экзамэны здала да пераезду. Ёй залічылі амаль усю беларускую інтэрнатуру. Давялося працаваць толькі два месяцы ў якасьці стажысткі.

Міністэрства здароўя Польшчы
Міністэрства здароўя Польшчы

«Для пацьверджаньня дыплёму і кваліфікацыі трэба пару гадоў і пару тысяч „зялёных“. Складанасьць 9 з 10», — расказвае Вольга пра настрыфікацыю.

Вольга не сутыкалася з дыскрымінацыяй паводле нацыянальнай прыкметы ані ўладкоўваючыся на працу, ані пры дамове аб памеры заробку.

Яна працуе як індывідуальны прадпрымальнік.

«Я лекар на самапрацаўладкаваньні. Падпісваю з мэдычным цэнтрам дамову, сама вяду бухгальтэрыю, плачу падаткі, страхоўку. Сама сабе вызначаю графік», — расказвае Вольга.

Стаж у яе большы за 10 гадоў. Памеру заробку не раскрывае, але кажа, што ў Беларусі такіх высокіх няма.

Вольга кажа, што польская лекарская супольнасьць катэгарычна супраць зьменаў у настрыфікацыі. Яна думае, што зьмены не ўвядуць, бо надта вялікая адказнасьць для шпіталя браць супрацоўніка, які не атрымаў поўнага права на працу.

Да таго ж шпіталі не разумеюць, як ім паводле нібы спрошчанай схемы браць на працу лекара без настрыфікацыі. Калі плаціць яму як стажысту, то ніхто на такі нізкі заробак не пагодзіцца.

«Як зь ім размаўляць, як ён будзе камунікаваць бяз здачы польскага моўнага экзамэну? Шпіталь ня хоча за яго адказваць. У праўным кантэксьце зусім незразумелая схема», — разважае жанчына.

Палякі з пашанай ставяцца да прафэсіі лекара

Антон толькі пачынае працаваць у Польшчы. Прайшоў настрыфікацыю. Кожная такая спроба каштуе ад 2600 злотых у залежнасьці ад ВНУ. Кажа, што ў той дзень з 11 чалавек пасьпяхова здалі 4. Думае, што найлепш настрыфікацыю здаваць у Беластоку, Варшаве або Быдгашчы. У Кракаве, прыкладам, кожны выкладчык прызначае на розны час свой экзамэн паасобку, гэта нязручна.

«У Варшаве для стаматолягаў тэст, а для астатніх — камісія. Сядзяць восем прафэсараў і кожны табе задае пытаньні. Адказваць трэба вусна. Гэта вельмі цяжка, трэба перачытаць усю мэдыцыну. Я рыхтаваўся каля году. Яшчэ мусіш вывучыць польскую мову і польскую мэдыцынскую тэрміналёгію, бо ў Польшчы не карыстаюцца лацінай», — расказвае Антон.

Ён быў уражаны, зь якой пашанай палякі ставяцца да прафэсіі лекара. Натарыюс, прыкладам, паменшыла аплату сваіх паслуг амаль удвая, калі даведалася пра род дзейнасьці. Пацыент не дазваляе сабе адказваць на тэлефонны званок пры лекару.

Ён кажа пра перавагі самастойнага працаўладкаваньня як ІП. Грошы, якія прызначаюцца на падаткі, можна траціць на вучобу, канфэрэнцыі, на аплату дарогі да працы, два камплекты лекарскага адзеньня.

Мэдычная дапамога у начны і сьвяточны час, Варшава
Мэдычная дапамога у начны і сьвяточны час, Варшава

Лекар думае, што зьмены ў законе прывядуць да дэмпінгу заробкаў.

«Ты будзеш працаваць побач з польскім лекарам, а ў яго заробак утрая большы. Ведаю анэстэзіёлягаў, якія працуюць звыш 400 гадзін у месяц, гадзіна — ад 100 злотых, і адыміце 20% на падаткі і ўсе выплаты», — разважае ён.

На думку лекара, умовы ў польскіх шпіталях непараўнальна лепшыя, чым у Беларусі.

«Тут няма такога, што нечага няма. Калі няма — то набудуць за дзень. У Беларусі бываюць перабоі з прэпаратамі: „Працуйце чым ёсьць“. У Польшчы няма штодзённых адміністрацыйных абыходаў аддзяленьняў, калі кіраўніцтву трэба дакладваць пра пацыентаў, а яны табе нешта раяць і дыктуюць», — расказвае ён.

Антон зьехаў з эканамічных прычынаў. Кажа, што ў Беларусі на стаўку лекара з 6−8 дзяжурствамі ў месяц нельга зарабіць больш за 1800 беларускіх рублёў.

«Хочацца нармальна жыць. З часам прывыкаеш да пэўнага ладу жыцьця, набору прадуктаў. Мусіш з кожным годам усё больш працаваць. Ня кажучы пра сур’ёзную пакупку ад 500 даляраў — такая толькі на рáты. Машыну ўсё больш трэба рамантаваць. Незадаволенасьць расьце. І няма як зарабіць. Ёсьць дах. І ты разумееш, што да пэнсіі болей ня здолееш зарабіць», — эмацыйна кажа суразмоўца.