Здарэнне адбылося каля 20:00 у пятніцу 29 лістапада. Як паведамляюць відавочцы, на дзяўчыну звалілася будаўнічая агароджа. Пацярпелую забралі ў лякарню ў цяжкім стане.

На месцы здарэння працуе міліцыя і следчы камітэт.

Будаўнічыя працы ў доме № 67 па вуліцы Горкага праходзяць ужо некалькі месяцаў. Сведкам здарэння стала чытачка Hrodna.life Эмілія:

— Я ішла з трэніроўкі па вуліцы Горкага і насупраць Дома навукі і тэхнікі якраз праходзіць рэстаўрацыя фасада жылога дома. Там стаяў натоўп людзей і я спачатку не зразумела, што адбываецца. Думала, можа будаўнікі прыехалі падняць агароджу, якая ўпала. Але калі падышла бліжэй, то ўбачыла лужыну крыві і ў ёй дзяўчыну-бландынку. Я была ў шоку, бо ў любы момант што-небудзь можа зваліцца на любога мінака, і ты нават пра гэта не падазраеш.

Вядома, што пацярпелая была ў цяжкім стане, яе павезлі ў бальніцу. Афіцыйнай інфармацыі па гэтым здарэнні яшчэ няма.

На Горкага будаўнічы плот зваліўся на дзяўчыну. Пацярпелую павезлі ў лякарню
На Горкага будаўнічы плот зваліўся на дзяўчыну. Пацярпелую павезлі ў лякарню

Гэта ўжо не першы выпадак у 2019 годзе на Горкага, калі будаўнічая агароджа падае. У сакавіку недалёка ад сённяшняга месца здарэння будаўнічы плот зваліўся на машыну.

Перадрук матэрыялаў Hrodna.life магчымая толькі з пісьмовага дазволу рэдакцыі. Кантакт info@hrodna.life