“Вазьмі сабаку або котку ў “Адданым сэрцы” і атрымай шынамантаж бясплатна” – такая акцыя стартавала ў суботу ў Гродне. Карэспандэнт “АвтоГродно” звязаўся з арганізатарамі і даведаўся падрабязнасці.
Арганізатар акцыі – Гродзенскае грамадскае аб’яднанне абароны жывёл “Адданае сэрца”. З 2011 года арганізацыя дапамагае знайсці гаспадароў для сабак і катоў. Перад тым, як у жывёлы з’яўляецца новы гаспадар, сабаку або котку паказваюць ветэрынару, робяць прышчэпкі і стэрылізацыю, апрацоўваюць ад розных паразітаў.
Зараз у “Адданым сэрцы” каля 50 сабак і 50 катоў. Перад пачаткам халадоў жывёлам важна знайсці сабе дом і любячыя рукі, таму і стартавала акцыя.
– Акцыю прыдумаў наш памочнік Міхаіл Ліс. Ён дамовіўся з шынамантажом на Таўлая і Сакольскай. Мы раздрукавалі ўлёткі і сталі раздаваць на рынку “Карона” у зале “А” і на прыпынках грамадскага транспарту, – распавядае “АвтоГродно” старшыня “”Адданага сэрца” Алена Вітальеўна.

– Колькі людзей звярнулася па акцыі?
– Яшчэ ніхто, але ў панядзелак сям’я прытуліла сабе котку і гэтая акцыя стала для іх прыемным бонусам. Гэта наш спосаб сказаць “дзякуй”, – кажа Алена Вітальеўна.
– Ці можа быць такое, што чалавек дзеля эканоміі на шынамантажы возьме сабе сабаку, напрыклад, а пасля растанецца?
– Мы не аддаем жывёлу абы каму. Да нас прыходзяць, знаёмяцца з жывёламі, часам па некалькі тыдняў выгульваюць, разумеюць, што гэта менавіта іх жывёла. Толькі пасля гэтага мы афармляем дагавор з подпісамі і пячаткамі, – кажа старшыня.
Дарэчы, “Адданаму сэрцу” патрэбна дапамога валанцёраў, часам трэба зусім невялікая. Можна нават быць не валанцёрам, а памочнікам валанцёра. Калі вы гатовыя дапамагаць або шукайце сабе вернага чатырохлапага сябра, зазірайце ў суполку “Преданное сердце“.


