Спалучыць адпачынак пад добрую музыку з дабрачыннасцю прапануюць моладзі гродзенскія музыкі. У бары «Крэйзі дог» яны арганізуюць сяброўскую вечарынку, а сродкі за ўваходныя білеты цалкам перададуць дзіцячаму хоспісу. Грошы патрэбны, каб набыць апарат для экспрэс-аналізаў крыві дома ў пацыэнтаў.
«Мы вырашылі сабраць сяброў у вялікай залі, каб разам „адарвацца“ пад добрую музыку. Мы — гэта Эдгар Кашэўнік, Марыя Макар і Віктар Пракопаў», — расказвае пра сваю каманду адзін з арганізатараў вечарынкі, Эдгар. Сам ён займаецца электроннай музыкай і прадзюсіраваннем артыстаў ужо больш за 10 гадоў. «Мы чакаем моладзь на вечарынку і прапануем спалучыць карыснае з прыемным».
Friendship Session з канцэртам
«Такой музыкі, як мы будзем іграць, у горадзе амаль нідзе няма, — расказвае Эдгар. — Шмат хто з гродзенцаў ездзіць на падобныя вечарынкі ў Мінск і нават за мяжу. Раней мы праводзілі ў Гродне падобныя імпрэзы, а потым быў перапынак на пару гадоў. Зараз вырашылі іх аднавіць і вярнуць на сцэну у абноўленым, дабрачынным фармаце. Чакаем на канцэрце спецыяльнага госця SMOKY D — LIVE, JUNGLE DJ SET. З лакальнай падтрымкі будуць COOPER — Drum & Bass, DE’LAUT — Tech House, VLAD HARDY — Bass House, SYNTHFUNKERS — Synthfunk Special Set, SHIFU aka FLASHMAN — Bass \ Future House».
«Думаю, што многіх зацікавіць добрая музыка, бо часта ва ўстановах горада гучыць адно і тое ж, — мяркуе Марыя Макар, — Любімыя трэкі застаецца слухаць толькі ў навушніках, сам-насам з сабою. Але мы вырашылі змяніць сітуацыю. Хочацца ад душы падзяліцца любімай музыкай і пры гэтым заахвоціць людзей да дабрачыннасці. Гэта ж так проста — прыйсці адпачыць, патанчыць і пры гэтым дапамагчы дзецям».
У Гродне адкрыўся бар Crazy Dog: глядзі фота з першай паці
Сродкі, сабраныя на вечарынцы, будуць перададзены ў дзіцячы хоспіс, каб набыць апарат для экспрэс-аналізаў крыві. «Такі апарат дазваляе зрабіць аналіз і атрымаць вынік адразу дома ў пацыента, пры планавым візіце лекара», — расказвае кіраўнічка дзіцячага хоспіса Вольга Вялічка.
Лабараторыя для экспрэс-аналізаў патрэбна іх падапечным кожны дзень. «Зараз у нас няма такога абсталявання і даводзіцца замаўляць аналізы ў паліклініцы». Гэта значыць, што лекар перад наведваннем хворага дзіцяці павінен скіраваць туды запыт. Далей паперы пойдуць у лабараторыю. Адсюль накіруюць лабаранта, каб паехаў да дзіцяці і зрабіў аналіз. Вынікі аналізаў будуць рухацца да лекара па тым жа ланцужку ў зваротным накірунку. На гэта губляецца шмат часу, якога ў паліятыўных дзяцей можа не быць у запасе. З партатыўным апаратам лекар змог бы сам, на месцы ўзяць аналіз крыві і аператыўна прызначыць ці скарэктаваць лячэнне.
Вольга Вялічка: «За 10 гадоў кіравання хоспісам я навучылася ўсяму»
Апарат для экспрэс аналізу крыві каштуе каля трох тысяч еўра. «Мы разумеем, што гэта вялікія грошы і цяжка столькі сабраць за адзін раз. Але любая сума — гэта больш за нуль, — кажа Вольга Вялічка. — Кожны ахвяраваны рубель наблізіць нас да таго, каб зрабіць дапамогу дзецям з хоспіса больш эфектыўнай».
Арганізатары вечарынкі кажуць, што найперш хочуць «проста сабраць сяброў» - расказаць гродзенскай моладзі пра новы цікавы адпачынак. Для іх магчымасць прадставіць сваю музыку разам з дабрачыннасцю — гэта эксперымент. «Мы робім вечарынку, таму што нам гэта ў кайф, нам цікава. Чакаем каля 1000 чалавек. Прыходзьце і упэўніцеся самі, як проста зрабіць добрую справу і як з маленькіх асабістых унёскаў збіраецца вялікі вынік».