4 лістапада падчас дэмантажу старога надмагілля на могілках па вуліцы Перамогі працоўны выявіў снарады часоў Другой сусветнай вайны. Як небяспечныя боепрыпасы апынуліся на могілках, можна толькі меркаваць.

Пасля выяўлення знаходкі працоўны Сяргей Кузняцоў патэлефанаваў у міліцыю. Праз некаторы час на могілках з’явіліся праваахоўныя органы, якія выставілі ачапленне. Па словах Сяргея, на наступны дзень прыбыла і сапёрная група.

Працоўны распавёў, што пахаванне, дзе ён ставіць помнік, даваеннае. Але надмагілле там усталявалі толькі пасля вайны.

«Людзі замовілі новы помнік, а стары трэба было дэмантаваць, — распавядае Сяргей Кузняцоў. — Але ў часе дэмантажу ў старым бетоне я выявіў тры снарады. Ёсць меркаванне, што іх туды паклалі замест арматуры або камянёў. Я вельмі здзівіўся такой знаходцы. Пагутарыў з больш дасведчанымі таварышамі, так і яны былі ў шоку. Кажуць, за некалькі дзясяткаў гадоў установак помнікаў у Гродне такіх знаходак не было «.

5 лістапада сапёры вывезлі снарады з тэрыторыі могілак, каб знішчыць іх на палігоне. Са слоў Сяргея, некаторыя з іх былі цэлыя, але са згнілым выбухоўнікам.