У Гродне кіроўца аўтобуса атрымаў 2 гады «хіміі» праз пасажыра, што ўпаў пад колы, — перадае belta.by са спасылкай на прэс-службу Гродзенскага абласнога суда.

Суд Ленінскага раёна Гродна разгледзеў справу па абвінавачванні кіроўцы гарадскога аўтапарка ў злачынстве, прадугледжаным ч.2 арт.317 КК (парушэнне правілаў дарожнага руху і эксплуатацыі транспартных сродкаў асобай, якая кіруе транспартным сродкам, што пацягнула па неасцярожнасці прычыненне цяжкага цялеснага пашкоджання).

На адным з прыпынкаў грамадскага транспарту ў ліпені 2019 вадзіцель аўтобуса спыніўся для высадкі і пасадкі пасажыраў. Дзверы заціснулі руку пенсіянера, які збіраўся зайсці. Аўтобус у гэты час пачаў рухацца, мужчына ўпаў і яго пераехала задняе кола.

«Абвінавачаны меў магчымасць своечасова выявіць у люстэрка задняга віду пацярпелага з бачнымі парушэннямі апорна-рухальнага апарата. У парушэнне патрабаванняў правілаў дарожнага руху, правілаў аўтамабільных перавозак пасажыраў і працоўнай інструкцыі кіроўца аўтобуса праявіў няўважлівасць», — гаворыцца ў паведамленні суда.

У судовым пасяджэнні абвінавачаны прызнаў віну ў поўным аб’ёме. Яму прызначана пакаранне ў выглядзе абмежавання волі на тэрмін 2 гады з накіраваннем у выпраўленчую ўстанову адкрытага тыпу і з пазбаўленнем права займацца дзейнасцю, звязанай з кіраваннем усімі відамі транспартных сродкаў, на тэрмін 5 гадоў. У адпаведнасці з ч.1 ст. 8 закона «Аб амністыі ў сувязі з 75-годдзем вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў» абвінавачваны вызвалены ад прызначанага асноўнага пакарання часткова тэрмінам на 1 год.

Прысуд у законную сілу не ўступіў і можа быць абскарджаны і апратэставаны.