Незвычайная гісторыя адбылася ў адным з хостэлаў Гродна ноччу 30 кастрычніка. Маладыя кліенты пасяліліся ў сямейным нумары, але, не чакаючы раніцы, выбраліся праз акно і ўцяклі. Пры гэтым не заплацілі за начлег.

Раніцай у нумары супрацоўнікі хостэла знайшлі 20 рублёў з 70 патрэбных за начлег.

«Тут усюды камеры, я не ведаю, чым яны думалі, калі ўцякалі, — распавядае ўладальнік хостэла Сяргей. — Прыйшла маладая пара каля поўначы, у нас тады тэрмінал не працаваў, дамовіліся раніцай разабрацца з аплатай. Але на раніцу іх не аказалася. Сталі праглядаць камеры і аказалася, што ў 01.39 яны вырашылі выбрацца праз акно і пакінуць хостэл. Пасля сябе яны пакінулі толькі 20 рублёў».

https://www.instagram.com/p/B4SCIvhnv81/

Сяргей у міліцыю не звяртаўся. Кажа, хай гэты ўчынак будзе на сумленні пары.

«Можа яны гродзенскія, можа хацелі адасобіцца. А можа хто-небудзь з іх і прыезджы. Я не ведаю, але мне здаецца, горад павінен ведаць гэтых „герояў“. Я іх буду чакаць і мне будзе прыемна, калі яны заплацяць поўную суму за зняты нумар», — дадаў Сяргей.

Перадрук матэрыялаў Hrodna.life магчымая толькі з пісьмовага дазволу рэдакцыі. Кантакт info@hrodna.life