pixabay.com
Абласны суд пакінуў прысуд суда Кастрычніцкага раёна без зменаў. Ён не задаволіў апеляцыйныя скаргі абвінавачанай і пацярпелых, а таксама грамадзянскага адказчыка. Не задаволілі і пратэст пракурора.
Прысуд уступае ў сілу неадкладна, праз некалькі дзён абвінавачаная павінна прыбыць на месца адбывання пакарання. Абвінавачаная кажа, што будзе абскарджваць прысуд у Вярхоўным судзе. Яна не задаволена рашэннем суда. «Я думала, звернуць увагу на тое, што працэс вёўся з парушэннямі, былі змененыя дзве лічбы ў разліках», — кажа Дар’я.
Пацярпелыя таксама не задаволеныя рашэннем суда. Яны пакуль не ведаюць, ці будуць абскарджваць рашэнне. «Калі яна (абвінавачаная — аўт.) не спыніцца, то і мы не спынімся», — кажуць Язерскія, сям’я загінулага скутарыста.
Справу аб смяротнай аварыі з удзелам скутарыста і «Мэрсэдэса» разглядаюць больш за тры гады. Прысуд суда Кастрычніцкага раёна не задаволіў абодва бакі, і яны адправілі апеляцыйныя скаргі ў абласны суд. 29 кастрычніка пачаўся разгляд.
Абвінавачаная Дар’я прасіла адмяніць прысуд і прызнаць яе невінаватай. Грамадзянскі адказчык — яе муж — прасіў падзяліць грашовую кампенсацыю паміж ім і ўладальнікам скутара, на якім перасоўваўся загінулы. Пацярпелыя прасілі даць абвінавачванай максімальны тэрмін па артыкуле — пяць гадоў. І павялічыць грашовыя кампенсацыі бацькам, удаве і дзіцяці загінулага: кожнаму заплаціць па 30 000 рублёў. Таксама яны прасілі прыбраць з матывіровачнай часткі прысуду змякчальныя абставіны — аказанне дапамогі і прызнанне сваёй віны. Апошняе таксама прасіў пракурор. Дар’я прасіла правесці комплексную экспертызу і выклікаць зноў сведку, якая змяніла паказанні. Суд хадайніцтвы не задаволіў.
Прысуд па справе аб аварыі са смяротным зыходам з удзелам скутарыста вынеслі 20 жніўня. Дзяўчына-кіроўца «Мэрсэдэса» атрымала два з паловай гады ў калоніі-пасяленні і на 5 гадоў была пазбаўленая права займацца дзейнасцю, звязанай з кіраваннем аўтамабілем.
Яе судзілі па ч.2 арт.317 КК і прызналі вінаватай у парушэнні правілаў дарожнага руху, што пацягнула па неасцярожнасці смерць чалавека. Яна павінна была заплаціць кампенсацыю пацярпелым — па 10 000 рублёў маці, бацьку, ўдаве, і 15 000 — сыну. А таксама аплаціць судовыя выдаткі і юрыдычную дапамогу, атрыманую пацярпелымі.
Аварыя адбылася ў 2016 годзе. Як пісаў AutoGrodno.by, 22-гадовая дзяўчына за рулём «Мэрсэдэса» ехала з боку Паўднёвага рынку і паварочвала налева. Скутэрыст рухаўся з кальца Славінскага-Перамогі прама, калі яму не саступіў дарогу аўтамабіль. ДТЗ адбылося ў 10.37 на скрыжаванні Індурская шаша — Кабяка. 32-гадовы кіроўца скутэра быў у шлеме, аднак ад атрыманых траўмаў памёр на месцы аварыі.
Справу спынілі за адсутнасцю складу злачынства, потым зноў аднавілі. Праз тры гады пракуратура распачала крымінальную справу ў дачыненні да кіроўцы «Мэрсэдэса». Ёй прад’яўленае абвінавачванне па артыкуле 317 КК. Бацька загінулага ў свой час шукаў сведкаў, стоячы на месцы аварыі з плакатам. Сям’я загінулага казала пра тое, што віноўніцу аварыі «крышуюць», пра адсутнасць следчых эксперыментаў і недастатковы пошук сведак. Дзяўчына да мая 2019 года не размаўляла з журналістамі, а потым расказала сваю версію падзей Hrodna.life.
"Пяльменная 1961" пачала працу на Савецкай, 23 у суботу, 22 лютага. Установа адкрылася на тым…
Шматгадзінныя чэргі, перфаратар і два акенца на рэгістрацыю. Дзяўчына схадзіла ў Гродзенскае агенцтва па дзяржаўнай…
Прадпрыемства "Гродна Азот" 12 лютага ў Telegram-канале анансавала конкурс да Дня роднай мовы. Да самога…
Палітзняволены з Гродна Кірыл Кетурка скончыў жыццё самагубствам у Цэнтры ўтрымання пад вартай у Варшаве-Служэўцы…
Былому сенатару і дырэктару «Краснасельскбудматэрыялы» Уладзіміру Кісялёву пагражае да трох гадоў калоніі за разгалашэнне службовай…
"Малочны Мір" абавязалі змяніць назву для серыі глазураваных сыркоў. Пасля чыёсьці скаргі ў Міністэрства антыманапольнага…