Універсітэт імя Ніла Гілевіча і Таварыства беларускай мовы запрашаюць гродзенцаў на прэзентацыю відэарэпертажаў пра ўніверсітэцкую сістэму Даніі.
У цыкле з 3 праграм распавядуць аб Капенгагенскім універсітэце – найстарэйшай вышэйшай навучальнай установе Дацкага Каралеўства, аб сучасным універсітэце з аўтарскай сістэмай навучання ў Роскільдзе і Дацкай нацыянальнай кінашколе, аб агенцтве Міністэрства адукацыі, якое каардынуе працу ўніверсітэтаў, аб умовах жыцця і працы дацкіх выкладчыкаў і студэнтаў.
З беларускага боку праграму прадставяць:
- Уладзімір Колас – першы прарэктар універсітэта імя Ніла Гілевіча, намеснік старшыні Таварыства беларускай мовы імя Францыска Скарыны.
- Павел Церашковіч – прарэктар па навучальнай працы Універсітэта імя Ніла Гілевіча, эксперт Грамадскага Балонскага камітэта ў Беларусі.
З дацкага боку ў прэзентацыі возьмуць удзел:
- Карстэн Фледэліус – прафесар кафедры Кіно і медыязнаўства Капенгагенскага ўніверсітэта, пісьменнік.
- Карл Эрык Фаверскаў – прафесар Дацкага тэхнічнага ўніверсітэта, журналіст.
Прэзентацыя адбудзецца ў пятніцу, 1 лістапада 2019г. у памяшканні Цэнтра гарадскога жыцця па адрасе: Гродна, вул. Кірава, 3. Пачатак а 18:00.
Даведка
Універсітэт імя Ніла Гілевіча – гэта прыватная ўстанова адукацыі з беларускай мовай выкладання, заснаваная ГА “Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны“. Сёлета з 19 кастрычніка ў ім распачаліся падрыхтоўчыя курсы па беларускай, англійскай, нямецкай і польскай мовах, а таксама па матэматыцы, фізіцы, хіміі, біялогіі і гісторыі Беларусі.
Заняткі разлічаны на слухачоў розных узростаў: старшакласнікаў – для падрыхтоўкі да цэнтральнага тэставання, школьнікаў сярэдніх класаў, студэнтаў і людзей дарослых, якія жадаюць палепшыць свае веды ў гуманітарных і дакладных навуках, піша nv-online.info.
Універсітэт плануе рыхтаваць спецыялістаў, якіх не навучаюць у дзяржаўных навучальных установах і якіх бракуе ў Беларусі: у галіне міжнароднага краязнаўства, гісторыка-культурнай спадчыны, сучаснай электроннай журналістыкі, літаратурнага пісьменства, урбаністыкі, IT-тэхналогій і бізнес-менэджменту. Заснавальнікі спадзяюцца распачаць набор першых студэнтаў у ВНУ ўжо ў наступным годзе.
«У Нігерыі ў мяне было ўсё, але я хацеў большага». Як Кану стаў у Гродне студэнтам і мадэллю



