На Паўстанцкім фэсце ўшанавалі памяць Каліноўскага і герояў 1863 года. А міліцыя запускала дрона

Паўстанцкі фэст – штогадовае свята памяці паўстанцаў 1863-64 гадоў – адбыўся ў Свіслачы 27 кастрычніка. Удзельнікі наведалі магілу Віктара Каліноўскага, помнікі Кастусю Каліноўскаму і Рамуальду Траўгуту. А таксама з’ездзілі ў Якушоўку – родавую сядзібу Каліноўскіх, дзе стаіць крыж у гонар паўстанца.

– Апошнія 20 гадоў мы кожны год прыязджаем у Свіслач, каб ушанаваць Кастуся і Віктара Каліноўскіх і іншых паўстанцаў, – расказвае Вадзім Саранчукоў, які ў 2000 годзе прымаў у Якушоўцы прысягу на вернасць Беларусі ў “Маладым Фронце”. – Тут знаходзілася родавая сядзіба Каліноўскіх, тут прайшло дзяцінства Кастуся Каліноўскага. І гэта тое самае месца сілы дзе ўсё дыхае беларушчынай, якое павінен наведаць кожны беларус.

Міліцыя выкарыстала дрон

Такім чынам ушаноўваюць памяць паўстанцаў з сярэдзіны 90-х, калі была знойдзена меркаваная магіла Віктара Каліноўскага. Сёлета было каля 40 чалавек – людзі з Гродна, Мінска, Ліды, Ваўкавыска, Свіслачы. Кажуць, за гэты час было па-рознаму: часам прыязджала 2-3 чалавекі, часам – толькі з Гродна выязджала 3-4 аўтобусы. Акцыю ў гэтым годзе сумясцілі з выбарчым пікетам Максіма Губарэвіча, якога зарэгістравалі кандыдатам па Гродзенскай сельскай акрузе №53.

Штогод на акцыі прысутнічаюць міліцыянты, якія здымаюць удзельнікаў акцыі. Потым актывісты атрымліваюць штрафы. Сёлета міліцыянты нават выкарысталі дрон.

Вярнуць у нацыянальную памяць герояў паўстання

Сёлета ўшанаваць памяць асабліва важна – у год, калі ў Вільні адбудзецца перапахаванне паўстанцаў.

– На жаль, беларуская дзяржава не надае дастаткова ўвагі мерапрыемствам, звязаным з паўстаннем і з асобай Каліноўскага: пачынаючы ад адукацыі і заканчваючы вяртаннем у народную памяць. Таму гэтым займаюцца грамадскія і палітычныя актывісты, каторыя ў сваіх кампаніях спрабуюць ушанаваць мясціны, звязаныя з паўстаннем і максімальна пашырыць інфармацыю пра гэта, – кажа Вадзім.

Сёлета актывісты прысвяцілі паўстанню шмат розных мерапрыемстваў. Адбыўся летнік, на месцах баёў і паўстанцкіх лагераў усталявалі крыжы. Быў запушчаны літаратурны вершаваны чэлендж. Выйшла адноўленая настольная гульня “Паўстанцы”. Праводзяцца розныя гістарычныя мерапрыемствы і канферэнцыі. Рыхтуецца інтэрактыўная мапа мясцінаў, звязаных ў паўстаннем.

“Усё гэта ў комплексе павінна быць шэрагам мерапрыемтваў па мемарыялізацыі і вяртанні ў нацыянальную памяць герояў вызвольных паўстанняў. У тым ліку – 1863 года”, – кажуць актывісты.

“Гэта апрыёры героі”

Парэшткі сядзібы Каліноўскіх знайшлі ў канцы 80-х. Зараз каля сядзібы ў Якушоўцы знаходзіцца крыж, які стварыў Юрый Мацко. Побач камень з шыльдай у гонар паўстанца. Актывісты кажуць, што ў перспектыве тут паўстане сядзібны комплекс, музей і цэлы мемарыял у гонар паўстанцаў.

– Людзі, каторыя паклалі свае жыцці, вельмі маладыя жыцці, ахвяравалі імі для будучых пакаленняў, для сваёй краіны, для свайго народу, – гэта апрыёры героі. Гэта людзі, якія павінны стаць прыкладамі для кожнага беларуса, – кажа Вадзім Саранчукоў.

Калі вы знайшлі ў тэксце памылку або абдрукоўку, калі ласка, паведаміце нам, выбраўшы адпаведны фрагмент і націснуўшы клавішы Ctrl+Enter.

Перадрук матэрыялаў Hrodna.life магчымы толькі з пісьмовага дазволу рэдакцыі. Звяртайцеся info@hrodna.life

Каментары

Spelling error report

The following text will be sent to our editors: