Справу аб смяротнай аварыі з удзелам скутарыста і «Мэрсэдэса» разглядаюць больш за тры гады. Прысуд суда Кастрычніцкага раёна не задаволіў абодва бакі, і яны адправілі апеляцыйныя скаргі ў абласны суд. 29 кастрычніка пачаўся разгляд.
Прысуд па справе аб аварыі са смяротным зыходам з удзелам скутарыста вынеслі 20 жніўня. Дзяўчына-кіроўца «Мэрсэдэса» атрымала два з паловай гады ў калоніі-пасяленні і на 5 гадоў была пазбаўленая права займацца дзейнасцю, звязанай з кіраваннем аўтамабілем.
Абвінавачаная просіць прызнаць невінаватай, пацярпелыя — павялічыць тэрмін і кампенсацыі
Яе судзілі па ч.2 арт.317 КК і прызналі вінаватай у парушэнні правілаў дарожнага руху, што пацягнула па неасцярожнасці смерць чалавека. Яна павінна была заплаціць кампенсацыю пацярпелым — па 10 000 рублёў маці, бацьку, ўдаве, і 15 000 — сыну. А таксама аплаціць судовыя выдаткі і юрыдычную дапамогу, атрыманую пацярпелымі.
Абвінавачаная Дар’я просіць адмяніць прысуд і прызнаць яе невінаватай. Грамадзянскі адказчык — яе муж — просіць падзяліць грашовую кампенсацыю паміж ім і ўладальнікам скутара, на якім перасоўваўся загінулы. Пацярпелыя просяць даць абвінавачванай максімальны тэрмін па артыкуле — пяць гадоў. І павялічыць грашовыя кампенсацыі бацькам, удаве і дзіцяці загінулага: кожнаму заплаціць па 30 000. Таксама яны просяць прыбраць з матывіровачнай часткі прысуду змякчальныя абставіны — аказанне дапамогі і прызнанне сваёй віны. Апошняе таксама просіць пракурор.
Тры хадайніцтвы
Справу разглядае судовая калегія з трох суддзяў. Абвінавачаная заявіла тры хадайніцтвы. Яна прасіла правесці комплексную экспертызу, якая растлумачыць, ці магла яна спыніцца і пазбегнуць сутыкнення. «Яна пацвердзіць той факт, што я не магла нічога зрабіць, каб прадухіліць гэта», — стрымліваючы слёзы, кажа дзяўчына. Гэта значыць, дакажа яе невінаватасць. Дар’я лічыць, што ў ходзе следства гэта не было высветлена. Суд Кастрычніцкага раёна ў свой час адмовіў у задавальненні гэтага хадайніцтва. Сям’я загінулага — Язерскія — былі супраць хадайніцтва. Яны лічылі, што дастаткова дадзеных, якія ёсць у справе, а дадатковая экспертыза зацягне працэс. Іх адвакат сцвярджае, што па выніках праведзеных экспертыз, у горшай дарожнай абстаноўцы ў Дар'і была магчымасць спыніцца да сутыкнення. У выніку абласны суд не задаволіў гэтае хадайніцтва.
Таксама Дар’я хадайнічала выклікаць яшчэ раз для дачы паказанняў сведку К. Справа ў тым, што яна ў ходзе следства змяніла свае паказанні, а потым вярнулася да першапачатковых. Яе звесткі тычыліся хуткасці транспартных сродкаў і пераезду. Пацярпелыя і абарона пратэставалі супраць гэтага. Суд хадайніцтва не задаволіў. Але задаволіў трэцяе. Абвінавачаная прасіла далучыць да матэрыялаў справы метадычную інфармацыю аб правядзенні аналізу пасля ДТЗ. Гэта тычыцца становішча бакавых люстэркаў на аўтамабілі сведкі. Матэрыялы да справы далучылі.
Ці магла бачыць скутар?
Пракурор прасіла прыбраць з матывіровачнай часткі прысуду змякчальныя акалічнасці. Яна кажа, што абвінавачаная не прызнавала сваёй віны, не аказала дапамогу загінуламу і потым яго сям'і, не распачала дзеянняў, якія загладзяць яе віну. Дар’я не згодна. Яна выклікала хуткую дапамогу, падышла да загінулага, прынесла сваю аптэчку, каб дапамагчы. Яна кажа, што прымала меры, каб наладзіць зносіны з пацярпелымі, прапанаваць дапамогу. Але яны не ішлі на кантакт.
Дагэтуль не ўстаноўлены месца кантакту і пераезду, няма дадзеных, ці магла спыніцца абвінавачаная. Абаронца абвінавачванай кажа, што аварыя адбылася па віне Язерскага: ён перавысіў хуткасць і ў яго была магчымасць спыніцца. Паводле слоў абаронцы, Дар’я не магла прадбачыць, што скутар з’явіцца з-за аўто, якія стаялі на чырвоным святле, і ў яе не было магчымасці бачыць скутар. Абвінавачаная кажа, што паводле правіл дарожнага руху павінна была завяршыць манеўр, выехаўшы на скрыжаванне.
Абвінавачаная падавала заяву на пацярпелых, тыя абяцалі паскардзіцца на СК
Разгляд справы быў эмацыйным. У абвінавачванай зрываўся голас. Маці загінулага плакала і спыняла выступы іншага боку каментарамі. У зале пахла валяр’янкай.
Абвінавачаная ў свой час падавала заяву на пацярпелых і казала, што яны распаўсюджваюць дадзеныя, якія ганьбяць яе гонар і годнасць. Справу не распачалі. Бацька загінулага Язерскага паабяцаў у судзе падаць скаргу на работнікаў Следчага камітэта. Ён сцвярджае, што следства вялося з парушэннямі.
Прысуд вынесуць 31 кастрычніка ў 10.00.
Што за аварыя?
Аварыя адбылася ў 2016 годзе. Як пісаў AutoGrodno.by, 22-гадовая дзяўчына за рулём «Мэрсэдэса» ехала з боку Паўднёвага рынку і паварочвала налева. Скутэрыст рухаўся з кальца Славінскага-Перамогі прама, калі яму не саступіў дарогу аўтамабіль. ДТЗ адбылося ў 10.37 на скрыжаванні Індурская шаша — Кабяка. 32-гадовы кіроўца скутэра быў у шлеме, аднак ад атрыманых траўмаў памёр на месцы аварыі.
Справу спынілі за адсутнасцю складу злачынства, потым зноў аднавілі. Праз тры гады пракуратура распачала крымінальную справу ў дачыненні да кіроўцы «Мэрсэдэса». Ёй прад’яўленае абвінавачванне па артыкуле 317 КК. Бацька загінулага ў свой час шукаў сведкаў, стоячы на месцы аварыі з плакатам. Сям’я загінулага казала пра тое, што віноўніцу аварыі «крышуюць», пра адсутнасць следчых эксперыментаў і недастатковы пошук сведак. Дзяўчына да мая 2019 года не размаўляла з журналістамі, а потым расказала сваю версію падзей Hrodna.life.