Беларускі паэт і перакладчык, намеснік старшыні беларускага ПЭН-цэнтра Андрэй Хадановіч прэзентаваў сваю новую кнігу паэзіі “Школа травы” на курсах “Мова Нанова” ў Гродне. Таксама ён чытаў свае апошнія пераклады Арцюра Рэмбо, успамінаў расстраляных у кастрычніку 1937-га беларускіх паэтаў, жартаваў, разважаў і спяваў пад гітару песні на вершы вядомых замежных паэтаў у перакладзе на нашу мову.
Гэта 10-я “дарослая” кніжка аўтара, сярод якіх “Лісты з-пад коўдры” (2004), “Землякі, альбо Беларускія лімэрыкі” (2005), “Несыметрычныя сны” (2010) і іншыя. Кнігу дзіцячых вершаў “Нататкі таткі”, якая была Кнігай года – 2015, ён лічыць асобна, і кажа, што яна адна для яго, як некалькі.
Нягледзячы на правакацыйную назву, аўтар прызнаецца, што кніга “Школа травы” – сур’ёзнейшая за папярэднія.
“”Школа травы” – гэта не зборнік рэцэптаў, не інструкцыя, як скручваць паперку і класці штосьці ўсярэдзіне. Некаторыя тэксты пісаліся ў Пружанах, дзе ў мяне “зброя беларускага асілка – газонакасілка”: я гэтым [пакосам] сапраўды займаўся. Мне вельмі падабаецца пах свежаскошанай травы, ён дзейнічае мацней, чым любы алкаголь. У гэтай кніжцы я закладаю метафарычны змест: траву косяць, траву топчуць, яна прарастае – новая, маладзейшая, мацнейшая. Гэта мяккасць, за якой стае сіла, гнуткасць, за якой стае вынік, яна прарастае праз асфальт, зарастае, запаўняе сабой усё, калі не апекавацца, не касіць”.
Самая прадуманая кніга
“Бываюць зборнікі паэзіі, а бываюць кнігі паэзіі. Зборнік уключае ў сябе ўсё напісанае за некалькі апошніх гадоў. Кніга паэзіі – тое, што мае сваю кампазіцыю, канцэпцыю, як любілі рабіць французскія паэты-дэкадэнты і Максім Багдановіч: кожны тэкст на сваім месцы і кніжка чытаецца як раман са сваім сюжэтам і кампазіцыяй”.
У гэтым сэнсе аўтар лічыць “Школу травы” самай прадуманай. У ёй пяць раздзелаў, якія пачынаюць пяць важных для Андрэя перакладаў: гэта як бы кропкі, ад якіх пачынае развівацца думка. Гэтая кніга больш медытатыўная, пераважна тут кароткія тэксты, традыцыйна арганізаваныя. “Кніга вельмі дыялагічная з творцамі-папярэнікамі, хоць звычайна я толькі намякаю, а разумныя здагадваюцца самі”.

“Дастаецца ўсім”
Але аўтар не быў бы сабой, калі б не пакінуў месца правакацыйным вершам. “У “328” я іранічна пераасэнсоўваю крымінальны артыкул, неадпаведны нормам гуманізму і адэкватнасці пакаранняў. Хаця шкода і згуба ад кепскіх алкагольных напояў большая. Але п’яной грамадой лёгка маніпуляваць, а вось грамадой абкураных людзей – немагчыма”, – расказвае Андрэй Хадановіч.
“Іронія ў гэтай кніжцы зрабілася больш адраснай, для звыклай мне самаіроніі дадалася сатыра. Дастаецца і правым кансерватарам, дастаецца, у прынцыпе, усім, у тым ліку і самому аўтару”.
Сусветны патоп як пранне ў машыне
Самы рамантычны раздзел у кнізе – першы: ўсё пачынаецца з любові і кахання. “Лірычнага героя можна было б назваць сэксістам, але ў яго ёсць змякчальны матыў: яму ад трох да шасці годзікаў, – кажа паэт. – У раздзеле сатыры ёсць верш пра канец свету: нехта Б. (хтосьці пабачыць госпада Бога, хтосьці – Багушэвіча, стваральніка нашай літаратурай) вельмі не любіць горад і вырашае ўсё бруднае засунуць у пральную машыну. 40-дзённы сусветны патоп пераасэнсоўваецца як соракахвіліннае пранне ў рэжыме сярэдняй інтэнсіўнасці”.
На прэзентацыі “Школы травы” былі і даўнія аматары паэзіі Андрэя Хадановіча, і тыя, хто раней пра яго не чуў. “Ён вельмі добра адчувае час, сучаснасць,” – кажа адзін з наведнікаў, Аляксей. Андрэй Хадановіч не толькі паэт і перакладчык, ён выкладчык, грамадскі дзеяч, арганізатар многіх літаратурных падзеяў. Далёка не ўсе паэты могуць чытаць нават уласныя вершы так, каб іх было цікава слухаць. Хадановіч – можа, на выступах часта чаргуе чытанні, разважанні і спевы. Гродзенская аўдыторыя рэагавала на яго эмацыйна, людзі былі ўцягнутыя ў працэс, закалыханыя і ўсхваляваныя.


“Да фірмовых вершаў, якія штогод пішуцца на Каляды, у мяне раптоўна напісаўся верш пра Вялікдзень, калі Хрыстос, як у Гародні, прызямляецца ў беларускіх гарадах. У некаторых беларускіх гарадах ужо паспелі абразіцца – чаму не ў іх”. Гродзенцы слухалі задуменна.
Хрыстос прызямліўся ў Берасьці,
на самай мяжы эРБэ.
Расьце трава – і табе расьці,
і цуды рабіць – табе.
Хрыстос прызямліўся ў Горадні,
ня кажучы аб Гародні,
і ўсе жывыя – зь яго радні,
а мёртвы – яшчэ несьмяротней.
Хрыстос прызямліўся ў Смургоні,
Нясьвіжы й Старых Дарогах,
і бэз – прадвесьнік ягоны,
і глог – у яго прароках.
Хрыстос прызямліўся ў Зэльве,
у Слоніме і Залесьсі –
і ксёндз запільвае сэлфі,
і бацюшка ў кадр залезе.
Хрыстос прызямліўся ў Гомелі,
у Ракаве ды Івянцы –
і ўсё, што людзі багомілі,
зьлятае, як дзьмухаўцы.
І, верачы праўдзе й байкам,
нібы пілот з карабля,
глядзіш, як сьвяточным яйкам
па небе плыве зямля.
Ёсць у кнізе і пераклад досыць балючага, але вядомага многім тэксту. “Гэта не зусім паэзія нават, мікра-пропаведзь, напісаная па выніках гітлерызму і халакосту святаром Марцінам Німёлерам”. З яго пачынаецца сатырычны, грамадскі раздел.
Калі нацысты прыйшлі па камуністаў,
я маўчаў –
я не быў камуністам.
Калі яны забіралі сацыял-дэмакратаў,
я маўчаў –
я не быў сацыял-дэмакратам.
Калі яны прыйшлі па сябраў прафсаюза,
я маўчаў –
я не быў прафсаюзнікам.
Калі яны прыйшлі па габрэяў,
я не пратэставаў –
я не быў габрэем.
А калі прыйшлі па мяне,
не было ўжо нікога, хто мог бы пратэставаць.
З чацвера новую кнігу можна будзе знайсці ў гродзенскіх кнігарнях “Раніца”, “Кругагляд”, “Праметэй”, “Веды”.










