Турыстычны брэнд Гродна выбралі 24 кастрычніка ў гарвыканкаме. З паўсотні прадстаўленых праектаў члены журы аддалі перавагу праекту брэсцкай студыі “GRAFIT”.
«У мяне склалася такое ўражанне, што наша студыя сур’ёзней чым астатнія падышла да падачы гэтага брэнда і паказала, як яго трэба рэалізоўваць у гарадскім асяроддзі і розных рэкламных матэрыялах. Магчыма, сур’ёзны падыход і паўплываў на рашэнне камісіі. Нам было прыемна зрабіць турыстычны брэнд для Гродна. Нам сказалі змяніць толькі слоган. Раней ён быў «Гродна я люблю цябе». У нас яшчэ ёсць час да 5 лістапада. Але якім ён будзе, я пакуль не магу сказаць», – распавёў прадстаўнік брэсцкай студыі “GRAFIT” Уладзімір Платоненка.
Аўтары так апісалі сваю канцэпцыю:
“За аснову лагатыпа ўзяты герб Гродна, а менавіта – Алень Святога Губерта з залатым крыжам паміж рагамі. Ён з’яўляецца неад’емнай часткай гісторыі і ў той жа час унікальным і непаўторным сімвалам.
Чатыры асноўныя колеры лагатыпа – гэта колеры, узятыя з герба Гродна, і колеры выклікаюць асацыяцыі з прасторным зялёным горадам. Алень на лагатыпе рухаецца наперад, не забываючы сваёй гісторыі і мінулага, на што паказвае паварот яго галавы”.
https://www.instagram.com/p/B2mn9phikq6/
Афіцыйна новы турыстычны брэнд Гродна горад прадставіць 5 лістапада.


