У Альшанцы ў лістападзе адкрыецца новая дзіцячая амбулаторыя. Яна размесціцца побач з амбулаторыяй для дарослага насельніцтва, што па вуліцы Агінскага, 25. Яе плошча і магутнасць будуць такімі ж. Аб’ект разлічаны на 70 наведванняў у змену, паведамляе grodnoplustv.by.

Зараз у Альшанцы пражывае каля 11 тысяч дзяцей. Пяць гадоў таму тут была адкрыта амбулаторыя, разлічаная на 40 наведванняў у змену. Яна размешчана на цокальным паверсе жылога дома па адрасе па Агінскага, 50. І хоць працуе па двухзменным графіку з 8 раніцы да 8 вечара, сітуацыю гэта не ратуе. Часам, каб патрапіць на прыём да лекара, бацькам разам з дзецьмі гадзінамі даводзіцца сядзець пад дзвярыма спецыяліста. Неўзабаве ўсё кардынальна зменіцца.

— Гарадскім выканаўчым камітэтам было прынята рашэнне набыць будынак, г. зн. першы паверх. Затрачана на набыццё будынка сума 981 тысяча 123 рублі і выдзелена 250 тысяч для таго, каб мы маглі набыць абсталяванне і стварыць умовы крокавай даступнасці аказання дапамогі дзецям. Там будуць весці прыём педыятры, будзе невялікі фізіякабінет, таксама будзе лабараторыя, — паведамляе Аляксандр Раманчук, галоўны ўрач Гродзенскай цэнтральнай гарадской паліклінікі.

У новай амбулаторыі для дзяцей будзе функцыянаваць фізіятэрапеўтычны, працэдурны, прывівачны кабінет, а таксама пакой здаровага дзіцяці. Медыцынская апаратура, кушэткі, пеленальныя сталы і іншы інвентар ўжо цалкам закуплены. Праўда, вузканакіраваныя адмыслоўцы па-ранейшаму будуць знаходзіцца ў дзіцячай паліклініцы № 2, што па вуліцы Гагарына, 18.

У бліжэйшы час у Альшанцы плануецца будаўніцтва новага шматпрофільнага медыцынскага аб’екта. Чакаецца, што ў ім размесцяцца паліклінічныя аддзяленні для дарослых на 400 наведванняў у змену з дзённым стацыянарам, дзіцячае аддзяленне на 150 месцаў, а таксама жаночая кансультацыя.