Гарадскія ўлады адказалі адмовай на просьбу гараджан аб тым, каб адкрыць частку былога парка Станіслава Аўгуста Панятоўскага паміж вуліцамі Рэпіна і Індустрыяльнай. Цяпер гэтая тэрыторыя недаступная да вольнага наведвання.
Парк быў створаны ў 1770 г. Ужо шмат дзясяткаў гадоў ён ніяк не выкарыстоўваецца і прыходзіць у запусценне. Гараджане звярнуліся да ўладаў, каб Гродна атрымаў яго як яшчэ адно месца для адпачынку і шпацыраў, якіх у нашым горадзе не так і шмат. Акрамя таго, парк мае гістарычнае значэнне, і, на думку гараджан, мог бы стаць яшчэ адной жамчужынай для турыстаў.
Гродзенскі гарвыканкам адмовіў гараджанам у просьбе. Намесніца старшыні гарвыканкама Зоя Кулеша ў адказе патлумачыла, што тэрыторыя размешчана ў зоне вытворчага прызначэння і з’яўляецца санітарна-ахоўнай, а змена яе прызначэння ў бліжэйшы час не запланавана.
Сажалка на Рэпіна, якая памятае Панятоўскага, высыхае. Яе будуць ратаваць
Таксама ў адказе чыноўнікі адзначылі, што ўказаны ўчастак не ўваходзіць у склад комплекснай гісторыка-культурнай каштоўнасці «Фрагменты былой сядзібы Аўгустова: капліца, былая карчма Гродзенскай эканоміі», якая была вызначана пастановай Савета Міністраў у 2008 г., а гарадскія службы датуюць большасць дрэў пасляваенным перыядам.