Гродзенскі дзіцячы хоспіс імя Святога Губерта стварыў петыцыю да гарадскіх уладаў – з просьбай аб новым будынку ці памяшканні. Зараз у хоспіса ёсць толькі два кабінеты, дзе працуе 7 супрацоўнікаў, а паслугамі хоспіса карыстаецца 55 дзяцей.
29 жніўня прадстаўнікі Гродзенскага дзіцячага хоспіса былі на прыёме ў старшыні Гродзенскага гарвыканкама Мечыслава Гоя, але сітуацыя ніяк не вырашылася.
14 кастрычніка 2019 года хоспісу прыйшоў адказ на запыт аб прадастаўленні будынка. З яго вынікае, што дзіцячы хоспіс не ўваходзіць у Пералік юрыдычных асобаў і ІП, якім нерухомую маёмасць, што знаходзіцца ў дзяржаўнай уласнасці, прадастаўляюць у бязвыплатнае карыстанне, зацверджаны Указам Прэзідэнта ад 29.03.2012 №150.
Хоспісу прапанавалі тры памяшканні для арэнды або набыцця на аўкцыёне. Першы варыянт – памяшканне на вул.Сыракомлі, 9, у раёне, які да 2030 года плануюць рэканструяваць пад шматкватэрных забудову. Другі варыянт – капітальная пабудова па вул.Рэпіна, 5а, якую хоспіс можа набыць на адкрытым аўкцыёне. Але аўкцыён ўжо адбыўся 8 кастрычніка.
І трэці варыянт – вул. Акадэмічная, 14, дзе трэба ўладкаванне асобнага ўваходу.
Акрамя таго, у хоспісе перакананыя, што дабрачынныя ахвяраванні ад людзей павінны ісці на дапамогу дзецям, а не ў гарадскі бюджэт. Каб падтрымаць петыцыю хоспіса, ёсть 25 дзён.
Вольга Вялічка: “За 10 гадоў кіравання хоспісам я навучылася ўсяму”


