Комплекс будынкаў былога піўзавода ў Гродне выставілі на аўкцыён. Інфармацыя пра гэта размешчана на партале камунальнага ўнітарнага прадпрыемства па аказанні паслуг «Гродзенскі цэнтр нерухомасці», паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.
Лот ўяўляе сабой комплекс будынкаў і збудаванняў з прылеглымі інжынернымі сеткамі па вуліцы Заводскай, а таксама права заключэння дагавора арэнды зямельнага ўчастка плошчай 0,8 га. Пачатковы кошт — Br2,28 млн.
У пакупніка будзе магчымасць рэканструяваць комплекс пад аб’екты вытворча-грамадскага, вытворча-дзелавога або адміністрацыйна-вытворчага прызначэння. Яшчэ адна з умоў продажу — падпісанне пакупніком ахоўнага абавязацельства на матэрыяльную нерухомую гісторыка-культурную каштоўнасць. На працягу двух гадоў з дня заключэння дагавора куплі-продажу пакупніку неабходна распрацаваць праектна-каштарысную дакументацыю на правядзенне рэканструкцыі і (або) капітальнага рамонту нерухомай маёмасці і забяспечыць увод аб’екта ў эксплуатацыю не пазней за чатыры гады пасля набыцця.
Аўкцыён адбудзецца 18 лістапада ў будынку камітэта дзяржаўнай маёмасці Гродзенскага абласнога выканаўчага камітэта.
Комплекс будынкаў піваварнага завода ў Гродне ўнесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў Беларусі як помнік архітэктуры другой паловы XIX стагоддзя. У 2010 годзе аб’ект быў набыты СТАА «Экопромэнерго». Аднак у сувязі з невыкананнем дагаворных абавязацельстваў і пагрозай разбурэння ён па рашэнні суда ў лютым 2017 года вернуты ў камунальную ўласнасць Гродзенскага гарвыканкама. У мае 2017 года дах будынка быў знішчаны моцным пажарам. Яго аднавілі. Пасля ацэнкі аб’ект прапануюць патэнцыйным інвестарам.