У дворыку на Кірава, 3 размясцілі пано, прысвечанае Кастусю Каліноўскаму і паўстанцам 1863-1864 гадоў. Пано называецца “За нашу і вашу свабоду”.
Над пано працавалі сучасныя мастакі: мастак-манументаліст Сяргей Грыневіч, малады дызайнер-каліграф Віктар Барташэвіч, Андрэй Радзівонаў, Ірына Варкулевіч.
Пано стварылі супольна з “Цэнтрам гарадскога жыцця”.
Ідуць Дні Каліноўскага. Цяпер у нас дастаткова складаная геапалітычная абстаноўка, а Каліноўскі асацыюецца менавіта са свабодай, – кажа Ірына Варкулевіч, куратарка праекта “Галерэі, якіх няма”. – Пано будзе называцца “За нашу і вашу свабоду” – свабоду ў мастацтве, свабоду ў сэнсе суверэнітэта краіны.




Пано створна ў межах праекта “Galleries that do not exist” (“Галерэі, якіх няма”). Гэты праект існуе для падтрымкі маладых мастакоў горада і нагадвае аб тым, што ў Гродне няма вылучанай арт-прасторы, зачыняюцца галерэі, мастакам складана выстаўляцца.
Дзякуючы гэтаму праекту былі створаны інсталяцыя ў лесе пад Гродна і інсталяцыя ў гродзенскай сінагозе ў падтрымку акцыі фонду “Кіслев” “440 гадоў Вялікі харальнай сінагогі”, змянілі афармленне ў гродзенскім бары “Карыца”.


