4 кастрычніка ў Беларусі стартуе перапіс насельніцтва. Такое бывае толькі раз на 10 гадоў. На лекцыі «Белстат объяснит» пра перапіс насельніцтва пабывалі з euroradio.fm і запісалі некалькі простых фактаў, якія дапамогуць перапісацца і не аблажацца.

— На сайце census.by перапіс стартуе 4 кастрычніка. Адрас таго, хто самастойна запаўняе анкету праз інтэрнэт, знікае з базы — да яго перапісчык не прыйдзе.

— Каб прайсці перапіс па інтэрнэце, трэба аўтарызавацца: увесці нумар мабільнага тэлефона і дачакацца СМС-кі з кодам. Калі беларускага нумара тэлефона няма, перапісацца па інтэрнэце не атрымаецца.

— З 4 да 30 кастрычніка перапісацца можна на стацыянарных участках, якія адкрыюцца на базе прадпрыемстваў, устаноў адукацыі, паліклінік.

Пачынаецца перапіс: простыя факты пра тое, як перапісацца і не аблажацца

— Перапісчык прыйдзе да вас не туды, дзе вы зарэгістраваныя, а па адрасе, дзе вы пражываеце. Пры гэтым, як піша t*t.by, калі вы здымаеце кватэру без дамовы, падатковая не прыйдзе — уся інфармацыя запісваецца са слоў чалавека і не правяраецца па дакументах.

— Бяздомных таксама перапішуць — у гэтым дапаможа міліцыя і мясцовыя ўлады.

— А вось тых, хто больш за год пражывае за межамі Беларусі, перапісваць не будуць. Выключэнне: дыпламаты, супрацоўнікі дыпламатычных місій і іх сем'і.

— Калі перапісчык не заспеў чалавека дома, замест яго на пытанні могуць адказаць яго сваякі.

— Калі сказаць перапісчыку ідэнтыфікацыйны нумар з пашпарта, яго планшэт падгрузіць адказы прыкладна на 25% пытанняў: імя, імя па бацьку, прозвішча, дату нараджэння і г. д.

— Адразу пасля запаўнення анкета шыфруецца і накіроўваецца на серверы Белстата, якія стаяць у ізаляваным контуры.

— Валанцёры падпісваюць пагадненне аб неразгалошванні. За іх перамяшчэннямі 24 гадзіны на суткі сочаць па GPS, таксама як і за тым, што яны ўводзяць у планшэты.

Пачынаецца перапіс: простыя факты пра тое, як перапісацца і не аблажацца

— Пра мову ў перапісе будзе два пытанні: адно — пра мову, першай засвоеную ў дзяцінстве, другое — пра мову штодзённага побыту. Нават калі ў дзяцінстве вы вывучылі дзве мовы, а штодня размаўляеце на трох, у кожным выпадку трэба будзе выбраць толькі па адной мове.

— Статкамітэты СНД кансультаваліся наконт фармулёвак пытанняў, актуальных для ўсяго рэгіёна. А ўвогуле, у 2019−2020 гадах перапіс насельніцтва праводзіцца па ўсім свеце, каб пасля можна было параўноўваць вынікі.

— Цікавы факт: казахстанскіх статыстыкаў збянтэжыла, што ў беларускіх перапісных анкетах сярод варыянтаў адказу спачатку згадваюцца жанчыны, а пасля — мужчыны. Ну вось так у нас, як пабачыце анкету — не здзіўляйцеся.

— Першыя звесткі перапісу будуць апублікаваныя ў лютым 2020 года, асноўныя характарыстыкі — у ліпені.

— Даведацца пра перапіс насельніцтва больш можна па адзіным нумары 8 801 100-31-31, званок бясплатны.