Новы кіраўнік дэлегацыі Еўрапарламента па Беларусі Роберт Бедрань расказаў у інтэрв'ю Wyborcza, што польскі рэгіён Падляшша з-за адмены віз на закупы штогод губляе каля 200 мільёнаў долараў, піша euroradio.fm.
«Многія беларускія грамадзяне ахвотна прыязджалі ў польскія гарады, каб танна закупляцца. Пасля ўзмацнення жорсткасці візавай палітыкі ўрадам PiS ["Права і справядлівасць», партыя ўлады ў Польшчы. — Еўрарадыё] беларусам цяпер больш выгадна хадзіць па крамах у Літве ці Расіі. Страты нясуць польскія прадпрымальнікі — для Падляшша гэта страты каля 800 мільёнаў злотых у год. Міністэрства замежных спраў нясе палітычную адказнасць за адмену віз. Будучы ўрад павінен аднавіць прыгранічны гандаль як мага хутчэй", — заявіў Роберт Бедрань.
У канцы верасня лідар ліберальнай польскай партыі «Вясна» еўрадэпутат Роберт Бедрань стаў кіраўніком дэлегацыі Еўрапарламента па сувязях з Беларуссю. Дэлегацыя пачне работу ў канцы лістапада.