Прадстаўнікі ўрада Літвы заявілі, што абдумваюць шляхі дапамогі работнікам санаторыя ў Друскінінкай, так як з-за санкцый Еўрасаюза былі замарожаныя яго банкаўскія рахункі, паведамляе ru.delfi.lt.

Рахункі санаторыя Belorus замарожаныя з-за санкцый ЕС у дачыненні да Галоўнага гаспадарчага ўпраўлення Прэзідэнта Беларусі, якое і з’яўляецца ўладальнікам санаторыя, пацвердзіла BNS прэс-сакратар міністра замежных спраў Габрыэлюса Ландсбергіса Вітаўце Шмайжытэ. Яна адзначыла, што дапамога літоўскім работнікам санаторыя будзе аказаная без дапамогі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.

«Мы выдатна разумеем, у якой складанай сітуацыі апынуліся некалькі сотняў грамадзян Літвы, якія працуюць на гэтым беларускім прадпрыемстве — у цяперашні час абмяркоўваюцца ўсе варыянты, як наўпрост дапамагчы ім, але не аказваць ніякай дапамогі рэжыму», — сказала BNS В. Шмайжытэ.

Яна таксама падкрэсліла, што з-за гвалту, які працягваецца ў Беларусі, рызыка для прадпрыемстваў, якія напрамую працуюць з рэжымам, узрастае.

«Вельмі важна не забываць, чаму былі ўведзеныя санкцыі ў дачыненні да прадпрыемстваў і фізічных асоб Беларусі - праз бесперапынны гвалт супраць мірных пратэстоўцаў у Беларусі, імаверна, што санкцый будзе ўсё больш. Толькі так мы можам прадэманстраваць, што тое, што адбываецца на вуліцах Мінска, непрымальна. На фоне бесперапынных пратэстаў і незаконнага іх падаўлення рызыкі для прадпрыемстваў, якія працуюць наўпрост з рэжымам, узрастаюць», — адзначыла прэс-сакратар міністра.

Кіраўнік санаторыя Ілля Епіфанаў у панядзелак заявіў BNS, што банк Swedbank замарозіў рахункі 18 снежня, а прычына — санкцыі, уведзеныя ЕС у дачыненні да Беларусі. Па дадзеных Фонду сацыяльнага страхавання Літвы, у санаторыі Belorus працуюць 393 чалавека.