Сёння ў чатыры гадзіны раніцы ў цэнтры Ліды аўтамабіль таксі насмерць збіў пенсіянера. Дарожна-транспартнае здарэнне адбылося на рэгуляваным пешаходным пераходзе па вуліцы Ленінскай, насупраць дома № 17, піша lidanews.by са спасылкай на ДАІ.
Жыхар Ліды 1938 году нараджэння пераходзіў праезную частку з боку ліцэя і трапіў пад колы аўтамабіля таксі Volkswagen Polo, які рухаўся з боку вуліцы Камуністычнай. За рулём аўтамабіля быў жыхар Ліды 1987 года нараджэння.
У выніку наезду пешаход атрымаў цялесныя пашкоджанні, ад якіх памёр у бальніцы.
У ДАІ рэдакцыі распавялі: на запісы з камер відэаназірання відаць, што зялёны сігнал святлафора для аўтамабіля загарэўся толькі праз чатыры секунды пасля наезду на чалавека.