Таццяна Чысцякова, кіраўнічка фермерскай гаспадаркі, заснавальніца праекта “Акадэмія жаночага бізнесу”. Удзельніца праекта PRO WOMEN: ламаючы стэрэатыпы. У праект увайшлі дзевяць фотагісторый і інтэрв’ю з сучаснымі гарадзенкамі. У кожнай удзельніцы – свой жыццёвы сцэнарый, кожная ідзе шляхам, што выбрала сама. Фотавыставу можна паглядзець ў Цэнтры гарадскога жыцця ад 19 верасня да 3 кастрычніка. Арганізавалі праект HrodnaMediaRoom, інтэрнэт-партал HrodnaLife, Беларуская асацыяцыя журналістаў.
Раней я думала, што жыву для дзяцей, і ў мяне не было часу задумацца пра сябе. Зараз дзеці выраслі, мы засталіся з мужам удвух. Вызваліўся час, і я адчула, што проста яго марную. Раптам выявіла, што закінула спорт, якім раней займалася, перастала чытаць кнігі.
Бізнес у нашай сям’і пачаўся з грыбоў. Муж вырашыў зрабіць мне падарунак на дзень нараджэння і выгадаваў у падвале вешанкі. Сталі вырошчваць іх не толькі для сябе: арандавалі плошчы, арганізавалі фермерскую гаспадарку, потым заняліся агратурызмам.

Зразумела, што сітуацыя змяняецца, і мне самой таксама трэба мяняцца. Нават вонкава. Мужу кажу: вось ты пачынаеш бізнес з чаго? А жанчына пачынае са знешнасці. Цяпер ёй трэба і ў банк, і ў падатковую. Яна думае, як будзе там выглядаць. І ў мяне так было.
Фермерскі бізнес тады толькі пачынаўся. У 2006 я была адзінай жанчынай – кіраўніком гаспадаркі на ўсю асацыяцыю фермераў. Успрымалася гэта так: «Гэта хіба фермер? Што яна можа?»
Калі збірала жонак фермераў, каб распавесці пра магчымасці агратурызму, многія мужы нават да тэлефона іх запрашаць не хацелі. Маўляў, які ў яе можа быць уласны бізнес. Зразумела, што з жанчынамі трэба працаваць наўпрост. Яны больш лёгкія на пад’ём і адкрытыя да прапаноў. Так з’явілася мара аб «Акадэміі жаночага бізнесу».

Атрымліваецца, што мяняць сваё жыццё я пачала, калі мне было ўжо за 50. А калі ў 2016 паехала да партнёраў у Германію, то пра ўзрост і думаць забылася. Кіраўніцы арганізацыі, з якой я працавала, было за 80. Яе калегам – каму за 60, каму за 75. І ўсе яны такія энергічныя жанчыны! Для мяне гэта было як перазагрузка.

Так што на пенсію я не збіраюся. Не перастану працаваць і не сяду склаўшы рукі. Страху памыліцца ў мяне няма. Нават наадварот, хочацца адразу зрабіць праект добра. Узрост вучыць высока выстаўляць сабе планку.
Валянціна Шоба: “Я – “прынцэса ў вежы” і не трэба мяне вызваляць
Алена Шчасная: “Я – архітэктар па жыцці”
Наста Яроцкая: “Я – галоўная гераіня свайго кіно”
Наста Трафімчык: “Я магу бегчы, то чаму б не ультрамарафон?”
Анжаліка Борыс: “Я дамаўляюся на парытэтах. Інакш – не саступлю”
Вольга Вялічка: “За 10 гадоў кіравання хоспісам я навучылася ўсяму”
Юлія Мінчанка: “Я гляджу на жыццё са сваёй званіцы”




