Наста Трафімчык, беларускамоўная ультрамарафонка, «Гарадзенская беларусачка — 2017». Удзельніца праекта PRO WOMEN: ламаючы стэрэатыпы. У праект увайшлі дзевяць фотагісторый і інтэрв'ю з сучаснымі гарадзенкамі. У кожнай удзельніцы — свой жыццёвы сцэнарый, кожная ідзе шляхам, што выбрала сама. Фотавыставу можна паглядзець ў Цэнтры гарадскога жыцця ад 19 верасня да 3 кастрычніка. Арганізавалі праект HrodnaMediaRoom, інтэрнэт-партал HrodnaLife, Беларуская асацыяцыя журналістаў.
Калі я пачала размаўляць па-беларуску, адчула, як гэта моцна вылучае чалавека з натоўпу. Ужо не важна — мужчына там ці жанчына.
Адразу кшталту шоку ў людзей. Мова прыцягвае да цябе ўвагу, робіць заўважным. Спачатку бывае складана, але з часам надае больш упэўненасці. Некаторыя ўзгадвалі, што сказаць у маршрутцы «На наступным прыпынку, калі ласка» замест «На остановочке, пожалуйста» не з першага разу атрымлівалася. Быць беларускамоўным — гэта як квэст. Гэта выклік для сябе і выпрабаванне, што ты можаш і на што ты здольны.
Пра конкурс «Гарадзенская беларусачка» я даведалася з сеціва. Абвестка сканчалася пытаннем: «Можа, гэта ты?» Падумала — і сапраўды, можа, гэта я? Прайшла адбор і стала ўдзельніцай. Я не думала пра перамогу, проста атрымлівала кайф ад самога працэсу. Хацелася пражываць гэтыя моманты тут і цяпер. Ад выніку сама была трохі ў шоку.
Што да прыгажосці, то яна для кожнага свая. Па мне, чым больш просты чалавек — тым прыгажэйшы.
Да бегу я таксама прыйшла праз мову, калі пазнаёмілася з беларускамоўным ультрамарафонцам Лявонам Анацкам. Спачатку бегала па некалькі кіламетраў у Пышках, а потым болей і болей. Калі прабегла першы паўмарафон, гэта стала для мяне адкрыццём. Выяўляецца, я магу! Наступным быў ультрамарафон на 12 гадзін і мае 67 кіламетраў. Сёлета бегла цэлыя суткі і адолела 127 кіламетраў.
Бег дае мне адказы на жыццёвыя пытанні. Калі не ведаю, што рабіць далей, ці ўзнікаюць нейкі складанасці, я — адразу ў красоўкі, апранаю форму і выбягаю. А калі бяжыш суткі, можна шмат што абдумаць.
Ды і проста я разумею, што магу бегчы. То чаму б мне не бегаць? Калі-небудзь у сталасці буду сядзець з унукамі, і яны спытаюць мяне пра жыццё. Як жа ім будзе сказаць, што я магла бы бегаць ультрамарафоны, але так гэтага і не зрабіла.