19 верасня на Савецкай плошчы прайшоў чарговы перадвыбарчы пікет прэтэндэнта ў кандыдата ў дэпутаты Вадзіма Саранчукова. У час размовы з кандыдатам кожны мог сфатаграфавацца з нацыянальнымі сімваламі Беларусі, якія зацвердзілі роўна 28 гадоў таму.
«У нас праходзіць пікет па зборы подпісаў і разам з тым мы вырашылі нагадаць гродзенцам і гасцям горада, што было 28 гадоў таму. Прапаноўвалі людзям на пікеце ставіць не толькі подпіс, але яшчэ фатаграфавацца з нашым гістарычным сцягам і гербам Пагоняй», — распавёў Вадзім Саранчукоў.
19 верасня 1991 года Вярхоўны Савет БССР прыняў новую назву нашай дзяржавы — Рэспубліка Беларусь, а таксама зацвердзіў нацыянальныя сімвалы ў якасці дзяржаўнай сімволікі — герб Пагоня і бел-чырвона-белы сцяг. Сучасны дзяржаўны чырвона-зялёны сцяг быў зацверджаны 7 чэрвеня 1995 года па выніках рэферэндуму ад 14 мая.
Выбары 2019: глядзіце перформанс Мікалая Саляніка ў цэнтры Гродна
Нагадаем, у Беларусі з 8 верасня пачалося вылучэнне прэтэндэнтаў у кандыдаты ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў. Яно будзе доўжыцца да 7 кастрычніка ўключна. Вылучаць свайго прадстаўніка могуць палітычныя партыі і працоўныя калектывы, а таксама грамадзяне шляхам збору подпісаў.