22 верасня ў гонар Дня без аўтамабіля “ВелаГродна” пры падтрымцы Упраўлення спорту і турызму Гродзенскага аблвыканкама правядуць HrodnaRovarFest – велапрабег па вуліцах Гродна.
Паўдзельнічаць можа любы ахвочы з роварам. Арганізатары адзначаюць, што чакаюць на велапрабегу як аматараў, так і каманды ад розных кампаній, арганізацый, прадпрыемстваў і іншых калектываў горада.
Стартуюць веласіпедысты з плошчы Савецкай у 12:00. Маршрут каля 14 км: пл. Савецкая – вул. Маставая – вул. Гарнавых – вул. Савецкіх памежнікаў – вул. Паповіча – вул. Вясновая – вул. Болдзіна – БЛК – вул. Дубко – вул. Дзяржынскага – пл. Леніна – вул. Ажэшкі – вул. Савецкая – пл. Савецкая.
Пасля фінішу ўдзельнікаў чакае забаўляльная конкурсная праграма з прызамі і падарункамі. Плануецца і дзіцячы заезд.
Велапрабег па вуліцах Гродна закрые Еўрапейскі тыдзень мабільнасці (ЕТМ), які праходзіць у Беларусі з 16 па 22 верасня. У гэты перыяд актывісты “ВелаГродна” лічаць велапаркоўкі ў горадзе, глядзяць ці змянілася колькасць веласіпедыстаў у транзітных кропках горада, а таксама шукаюць месцы, дзе паніжаюць бардзюры.


