Старшыня грамадскага аб’яднання «Матчын рух 328» Ларыса Жыгар 16 верасня правяла свой першы пікет каля МЦ «Гродна». Яна балатуецца ў 49-й Занёманскай акрузе — гэта раён Фолюша, вуліц Суворава, Рэпіна.

Ларысе Жыгар 59 гадоў, яна пенсіянерка, актывістка і чалец Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі «Грамада».

— Я перш за ўсё з’яўляюся кіраўніком грамадзянскай ініцыятывы «Матчын рух 328». Я пайшла ў кандыдаты ў дэпутаты ў Палату прадстаўнікоў ад Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі «Грамада», у якую я ўваходжу каля года. Мяне вылучылі мае паплечнікі па партыі, — распавядае Ларыса Жыгар. Распавядаць аб праграме і планах яна пакуль не мае права — гэта абмежаванне заканадаўства.

Яна спадзяецца сабраць галасы і робіць стаўку на моладзь. Ініцыятыўная група будзе працаваць па адрасах. У будучыні пікеты пройдуць каля ўніверсама «Сувораўскі», каля кінатэатра «Кастрычнік» і каля «АЛМІ» на Савецкіх памежнікаў.

Што такое «Матчын рух 328»?

«Матчын рух 328» — гэта ініцыятыва жанчын, чые сваякі атрымалі тэрмін па «наркатычным» артыкуле 328. Іх мэты — садзейнічанне прафілактыцы распаўсюджвання наркотыкаў, прапаганда здаровага ладу жыцця, аказанне неабходнай дапамогі і падтрымкі асуджаным і асобам, вызваленым з месцаў пазбаўлення волі, а таксама членам іх сем’яў. Яны змагаюцца за зніжэнне тэрмінаў па артыкуле і прыцягваюць да сябе ўвагу зваротамі да прэзідэнта і галадоўкамі.


Актывістак «Маці-328» уключылі ў працоўную групу па ўзгадненні паправак у артыкул аб наркотыках


Калі выбары?

Вылучэнне прэтэндэнтаў у кандыдаты ў дэпутаты парламента пачалося з 8 верасня. Яно працягнецца па 7 кастрычніка. Выбары ў Палату прадстаўнікоў адбудуцца 17 лістапада.


«Legalize Belarus» прапануе дазволіць наркотыкі, каб зменшыць іх выкарыстанне. Ці можа гэта спрацаваць?


Hrodna.life reprint of materials is possible only with the written permission of the publisher. Contact info@hrodna.life