Супраць зьмякчэньня пакараньня па артыкуле 328 Крымінальнага кодэксу выступае, як і раней, Міністэрства ўнутраных спраў, піша «Радыё С**бода».

Актывістак руху «Маці 328» Тацяну Канеўскую з Гомля і Ліліяну Шубу з Жлобіна ўключылі ў працоўную групу пры Палаце прадстаўнікоў па ўзгадненьні паправак у артыкул 328 Крымінальнага кодэксу, які прадугледжвае адказнасьць за абарот наркотыкаў і псыхатропаў.

Дэпутаты Палаты прадстаўнікоў паабяцалі запрасіць жанчын на паседжаньне працоўнай групы, якое мае адбыцца на будучым тыдні.

«Будуць узгадняць папраўкі з пазыцыяй Міністэрства ўнутраных спраў, якое дагэтуль супраць», — сказала С**бодзе актывістка «Маці-328» Тацяна Канеўская.

Папраўкі прадугледжваюць зьніжэньне мінімальнага пакараньня па 2 і 3 частках 328 артыкула КК да трох і шасьці гадоў.

Актывістак «Маці-328» уключылі ў працоўную групу па ўзгадненні паправак у артыкул аб наркотыках

З раніцы 2 красавіка да Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага Сходу, дзе адкрылася чарговая сэсія, прыйшло каля 30 актывістак «Маці-328». Жанчыны прасілі аб сустрэчы з старшынём Палаты прадстаўнікоў Уладзімерам Андрэйчанкам, якому хацелі перадаць зварот з патрабаваньнем неадкладна разгледзець законапраект аб зьменах у артыкул 328 Крымінальнага кодэксу.

Андрэйчанка ня выйшаў

Аднак старшыня Палаты прадстаўнікоў Уладзімер Андрэйчанка часу на сустрэчу з актывісткамі не знайшоў, а супрацоўнікі апарату Палаты прадстаўнікоў не змаглі адказаць на пытаньне, ці прайшлі папраўкі ўзгадненьне ў Савеце Міністраў.

Толькі ў другой палове дня з жанчынамі «Маці 328» сустрэўся старшыня камісіі па нацыянальнай бясьпецы Палаты прадстаўнікоў Валянцін Міхневіч. Дэпутат паабяцаў, што Тацяну Канеўскую і Ліліяну Шубу запросяць на паседжаньне працоўнай групы па ўзгадненьні законапраекту аб папраўках у артыкул 328.

Прадстаўніцы руху «Маці 328» і Валянцін Міхневіч
Прадстаўніцы руху «Маці 328» і Валянцін Міхневіч

Міліцыя супраць паправак

Таксама высьветлілася стаўленьне Савету Міністраў да паправак у артыкул 328. Паводле Валянціна Міхневіча і загадчыка аддзелу Палаты прадстаўнікоў Віктара Сазона, законапраект аб папраўках узгаднілі ў Савеце Міністраў і 2 красавіка перадалі ў Палату прадстаўнікоў.

Прадстаўніцы руху «Маці 328» і Віктар Сазон (у цэнтры)
Прадстаўніцы руху «Маці 328» і Віктар Сазон (у цэнтры)

Адзіным міністэрствам, якое выступае супраць паправак, — Міністэрства ўнутраных спраў, паведамілі актывісткам у Палаце прадстаўнікоў.

«Маці-328»: «У нас зьявіўся шанец»

«Калі б мы сёньня не прыехалі да Палаты прадстаўнікоў, яны б не заварушыліся дагэтуль. Спачатку нас зноў хацелі падмануць, зноў цягнулі час. Але цяпер у нас зьявіўся шанец, што законапраект аб папраўках у артыкул 328 пасьпеюць узгадніць і прыняць яшчэ на гэтай сэсіі», — падсумавала вынікі дня актывістка руху «Маці-328» Тацяна Канеўская.

Паводле Канеўскай, зьменаў у артыкул 328 у беларускіх калёніях чакаюць некалькі тысяч асуджаных па гэтым артыкуле.

Пакараньне за наркатычныя злачынствы ў Беларусі. Што важна ведаць

  • У красавіку-траўні 2018 года актывісткі «Маці 328» правялі 15-дзённую галадоўку ў Калінкавічах на Гомельшчыне і ў Пухавіцкім раёне на Меншчыне, а таксама 10-дзённую галадоўку ў Лідзе.
  • Удзельнікі галадоўкі патрабавалі перагляду жорсткіх прысудаў, якія выносіліся ад 2013 году паводле 328 артыкула (ад 5 да 25 гадоў пазбаўленьня волі), а таксама зьменаў у заканадаўства.
  • 8 траўня Лукашэнка дапусьціў магчымасьць паслабленьняў адказнасьці спажыўцоў наркотыкаў.
  • 29 чэрвеня Палата прадстаўнікоў у першым чытаньні ўхваліла законапраект аб зьмене Крымінальнага і Крымінальна-працэсуальнага кодэксаў Беларусі, якія прадугледжваюць зьмякчэньне пакараньняў за наркатычныя злачынствы.
  • Законапраект мусіў разглядацца ў другім чытаньні на асеньняй сэсіі Палаты, але гэтага не адбылося.
  • Супраць зьмякчэньня антынаркатычнага заканадаўства выступала Міністэрства ўнутраных спраў і асабіста міністар Ігар Шуневіч.