Пра новы праект расказаў у сацыяльных сетках Яўген Калодзін, кіраўнік асацыяцыі іўдзейска-хрысціянскага дыялогу ShOMER — International. У межах праекта «Яўрэі - салдаты Другой сусветнай вайны» пройдуць фотавыстава, паказы фільмаў, семінары і «урокі Халакосту».

«У гісторыі Другой сусветнай вайны тэма габрэяў розных краін шырока разгледжана ў кантэксце Халакоста, - піша Яўген. — Аднак габрэі былі не толькі аб’ектам вынішчэння, якое праводзіла нацысцкая Германіяй і яе саюзнікі, але і актыўнымі ўдзельнікамі, якія паўплывалі на ход і вынік вайны. Асаблівасць барацьбы супраць нацыстаў для габрэяў складалася ў тым, што яны змагаліся не за тую ці іншую палітычную ідэалогію, а за жыццё, супраць уласнага татальнага знішчэння».

На выставе прадстаўлены гісторыі васьмі ўдзельнікаў вайны. Усе яны жылі ў Гродне ў пасляваенны час, а Ліза Чапнік і Хайкель Паес нарадзіліся тут. Больш падрабязна пра іх ваенны лёс раскажа фільм, матэрыялы для якога сабраў Бенджамін Ерузалім, кіраўнік і заснавальнік музея пры сінагозе. Героямі выставы і фільма сталі Барыс Рубінштэйн, (1922), Барыс Берман, (1921), Ліза Чапнік, (1922), Хайкель Паес, (1922), Ружа Фейгіна (1918), Абрам Турэўскі, (1923), Леў Сула, (1911), Рыгор Абялеўскі, (1925).

Мерапрыемствы праекта пройдуць у навучальных установах горада і у сінагозе. Да гадавіны паўстання ў Варшаўскім гета праект прадставяць таксама у консульстве Польшчы.

Перадрук матэрыялаў Hrodna.life магчымая толькі з пісьмовага дазволу рэдакцыі. Кантакт info@hrodna.life