Падчас Дня горада і фестываля Lidbeer у Лідзе ўрачыста адкрылі помнік Гедыміну. Мясцовыя ўлады лічаць, што ён стане важным гарадскім аб’ектам і пачатковай кропкай для экскурсій, а таксама дадасць новым пакаленням цікавасці да гісторыі.

Скульптура зроблена з бронзы, важыць 2,5 тоны. Выраблялі яе ў Мінску. Аўтары скульптуры — мастак і скульптар родам з Ліды Сяргей Аганаў і скульптар Вольга Нячай. Сяргей кажа, што помнік быў своеасаблівай данінай роднаму гораду.


У Лідзе ўсталявалі помнік Гедыміну. Але скульптуру вы пакуль не ўбачыце


— Гэта для мяне родны горад, — кажа ён пра Ліду. — Тут жывуць мае бабуля і дзядуля. Я вельмі шчаслівы, што ў мяне з’явілася магчымасць штосьці зрабіць для свайго горада. І атрымалася, што я аддаў даніну гораду, які вельмі люблю.

Сяргей кажа, што працаваць было вельмі камфортна, была добрая супраца з мясцовымі ўладамі.

ФОТА: У Лідзе адкрылі помнік Гедыміну

— Манументальная скульптура — вельмі няпросты і дарагі занятак. Нам выпаў неверагодны шанец паставіць помнік за прыватныя грошы — гэта рэдкая сітуацыя ў Беларусі. Праект такога маштаба, такая арганізацыя — для мяне гэта свайго рода цуд, — кажа Вольга Нячай.

Спонсарам помніка стала кампанія «Белтэкс оптык».

— Галаўны офіс фірмы знаходзіцца ў Вільні. Гедымін — знакавая фігура і для Літвы, і для Беларусі. Таму было прынята рашэнне пра поўнае фінансаванне праекта. Помнік атрымаўся цудоўным, — кажа Алег Матусевіч, дырэктар фірмы.

На адкрыццё завіталі актывісты з бел-чырвона-белымі сцягамі. Пасля адкрыцця наведвальнікі доўга не разыходзіліся і фатаграфаваліся на фоне помніка.

Хто такі Гедымін?

Гедымін — вялікі князь Літоўскі (1316−1341), падчас кіравання якога тэрыторыя ВКЛ павялічылася ўдвая, лічыцца заснавальнікам Ліды: ў 1323 годзе ён пачаў будаўніцтва Лідскага замка.

Перадрук матэрыялаў Hrodna.life магчымая толькі з пісьмовага дазволу рэдакцыі. Кантакт info@hrodna.life