Сёння ў Лідзе ўсталявалі помнік Гедыміну. Урачыстае адкрыццё помніка запланавана на 7 верасня, калі ў Лідзе адбудзецца Дзень горада і LIDBEER. Да гэтага часу скульптура Гедыміна на пастаменце будзе пад чахлом, піша lidanews.by.

Даставілі скульптуру вагой больш за 2,5 тоны з Мінска супрацоўнікі УП «Скульптурны камбінат», дзе яе адлівалі ў бронзе.

— Распрацоўка праекта, фармоўка, адліўка… І вось ставіцца фінальная кропка ў каласальнай працы многіх людзей, — кажа скульптар Сяргей Аганаў, які разам са скульптарам Вольгай Нячай прыехаў у Ліду, каб на месцы завяршыць пачатую справу.

Скульптура павінна мець поўнае прыляганне да пастамента, і толькі пасля гэтага яна ўмацуецца на яго канчаткова. Унізе на камені-пастаменце з дапамогай трафарэта скульптары нанеслі надпіс «Гедымін».