Жыхароў Альшанкі запрашаюць на збор подпісаў і прапановаў па стварэнні парка ў мікрараёне. Сустрэча пройдзе ў 19:00 ля крамы Алмі на алеі ў бок Еўраопта.
— Важна, каб людзі прыйшлі паставіць подпісы перад тым, як я пайду да ўладаў. І выказаліся, наколькі важна ім пустэча, на якой мусяць быць садок і школа, аднак ва ўладаў няма грошай і мэты будаваць. А азеляненне патрэбна ўсім, — кажа Яўген Дудкін, каардынатар ініцыятывы «Наша Альшанка».
Яўген збірае подпісы за стварэнне сквераў і паркавых зон. Іх хочуць назваць у гонар герояў, чые імены і так носяць вуліцы на Альшанцы. А яшчэ ў межах акцыі на будынках могуць з’явіцца выявы гэтых герояў. Гэта дазволіць вырашыць праблему моцнага ветру ў мікрараёне, стане месцам адпачынку і будзе мець адукацыйны элемент. Можна падпісаць петыцыю.