У санітарна-эпідэміялагічнай службе распавялі, у якіх раёнах больш за ўсё тых, хто звярнуўся па меддапамогу, піша rgazeta.by.

Зараз пачынаецца другі пік актыўнасці кляшчоў, таму, адпраўляючыся ў лес, трэба быць вельмі асцярожным, нагадвае лекар-эпідэміёлаг абласнога цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя Ала Хутко. У гэтым годзе кляшчы адчуваюць сябе вельмі камфортна — гэтаму спрыяюць умовы надвор’я. Нядзіўна, што вырасла колькасць пацярпелых ад іх укусаў. За тыдзень толькі ў Гродне і Гродзенскім раёне па меддапамогу звярнуліся 139 чалавек, у тым ліку 35 дзяцей. У 60 працэнтах выпадкаў грамадзяне пацярпелі пры наведванні лясоў.

На другім месцы — Лідскі раён, за ім — Астравецкі. Менш за ўсё пацярпелых адзначана ў Мастоўскім, Зэльвенскім і Свіслацкім раёнах. У іх за тыдзень зарэгістравана ўсяго па адным ўкусу. З агульнай карціны выбіваецца Карэліцкі раён — за названы перыяд тут зусім кляшчы нікога не кранулі.

Клешч небяспечны не сам па сабе, а як пераносчык інфекцый. На тэрыторыі Беларусі ў пераважнай большасці выпадкаў рэгіструюцца два захворванні: клешчавы энцэфаліт і Лайм-барэліёз (хвароба Лайма). Дарэчы, у гэтым годзе ў Гродзенскай вобласці хоць і нязначна, але вырасла захворванне дадзенымі інфекцыямі. За 7 месяцаў зарэгістравана 27 выпадкаў клешчавога энцэфаліту і 102 выпадкі Лайм-барэліёзу.

Не ўсе кляшчы небяспечныя, паказваюць лабараторныя даследаванні. Але грэбаваць мерамі абароны пры наведванні лясоў ўсё ж не варта. Тым больш прафілактыка простая: досыць закрытага адзення і рэпелентных сродкаў, звяртае ўвагу Ала Хутко. У выпадку ўкусу неабходна неадкладна звярнуцца да лекара. Трэба ведаць, што максімальны эфект прафілактычнага лячэння дасягаецца пры прыёме антыбактэрыйнага прэпарата не пазней за 72 гадзін пасля ўкусу. А эфектыўнай абаронай ад клешчавога энцэфаліту з’яўляецца толькі вакцынацыя.

Кляшчы, дарэчы, могуць чакаць сваіх ахвяр не толькі ў лясах, але і на загарадных дачных участках. На мінулым тыдні некалькі такіх выпадкаў мелі месца ў прыгарадзе абласнога цэнтра — на тэрыторыях Падлабенскага, Азёрскага, Капцёўскага і Адэльскага сельсаветаў.