У рамках рэалізацыі мерапрыемстваў праекта «Шляхам Тызенгаўза» пачаліся падрыхтоўчыя працы да рэканструкцыі будынка. Абвешчаныя два тэндэры — адзін на пошук кампаніі, якая зоймецца інтэр'ерам будынка. Тут выканаўцаў чакае нямала цяжкасцяў - ніякіх малюнкаў і задакументаваных выяваў пра тое, як выглядала ўнутранае ўбранне, не знайшлося. Хоць пошукі, кажуць каардынатары праекта, былі вельмі сур’ёзнымі і дбайнымі. Магчыма, у вырашэнні праблемы з інтэр'ерам дапаможа канферэнцыя, якую збяруць у красавіку з удзелам спецыялістаў, якія працуюць па той эпосе. Інжынерная кампанія ўжо вызначаная, абвешчаны таксама тэндэр на будаўнічыя работы, паведамляе grodnoplustv.by.

— На сёння ўжо тры фірмы падалі свае заяўкі. Для інжынерных арганізацый была праведзена тэндэрная працэдура. Праходзіла яна досыць жыва — адзінаццаць фірмаў прэтэндавалі на права быць інжынернай арганізацыяй. Выйграў УКБ гарвыканкама і выйграў, скажу шчыра, з невялікай перавагай. Літаральна некалькі балаў. Таму яны сёння ўключыліся ў працу досыць актыўна, — кажа Сяргей Каляда, каардынатар праекта «Шляхам Тызенгаўза».

Аб’ект, гавораць спецыялісты, дастаткова складаны. Будынак стары, а яго рэканструкцыяй ўсур'ёз даўно ніхто не займаўся. Камунікацыі будуць замененыя стоадсоткава, патрабуецца ўмацаванне даху і перакрыццяў. Пры гэтым трэба будзе захаваць гістарычнае аблічча будынка.

Да запусцення тут размяшчаўся архіў. Першапачаткова гэты будынак быў часткай так званай каралеўскай Гарадніцы, да стварэння якой у перыяд караля Аўгуста Панятоўскага і Тызенгаўза, прыклалі сваю руку два вядучых архітэктара таго перыяду — спачатку немец Мозэр, а пасля — італьянец Джузэпэ Сака. Будынак мае высокую гісторыка-культурную каштоўнасць. Над жыццём будынка пасля рэканструкцыі думаюць ужо цяпер.

— Аснова, якую мы бачым — гэта каб у нас у горадзе з’явілася турыстычная пляцоўка, дзе можна было б зайсці турыстычнай групе і ім могуць там паказаць тую эпоху. Гэта будзе нейкае тэатралізаванае прадстаўленне, цалкам верагодна, з нейкім пачастункам той эпохі, музыкай той эпохі і маленькі спектакль можна будзе ўбачыць. Цяпер мы актыўна шукаем, якія тэатральныя пастаноўкі тады былі, — кажа Сяргей Каляда.

Ужо вядома дзякуючы гістарычным дакументам, што першай тэатральнай пастаноўкай, прадэманстраванай ў Гродне каралю і яго асяродку, быў «Севільскі цырульнік». Не выключана, што менавіта яна і стане часткай абноўленага будынка. Акрамя таго, улічваючы павевы часу, абстаноўка тут будзе дапоўненая віртуальнай рэальнасцю, як цяпер робяць у еўрапейскіх музеях.