Матчам з «Юнацтвам» у Мінску 25 жніўня «Нёман» стартаваў у чэмпіянаце Беларусі. Сустрэча двух мацнейшых каманд краіны скончылася перамогай гаспадароў з лікам 2:0.

Дзве пераможныя шайбы мінчане закінулі ў самым канцы сустрэчы. Спачатку Парфеявец рэалізаваў большасць, а за 5 секунд да сірэны Лапачук забросіў шайбу ў пустыя вароты гродзенцаў.

«Юнацтва» — «Нёман» 2:0 (0:0; 0:0, 2:0)

галы:
54:14 1:0 — Парфеявец (Дрозд, Калгоцін, — бол.)
59:55 2:0 — Лапачук (Нагачоў, — П.В.)

Галоўны трэнер «Нёман» Сяргей Пушкоў пасля матчу:

— Па-першае, хачу павіншаваць гаспадароў з перамогай у першым матчы чэмпіянату. Па гульні, абедзве каманды добра сёння рухаліся, спрабавалі ствараць моманты. Але, на жаль, пасля таго, што сёння рабілі нашы нападнікі, нельга сказаць, што гэта былі нападнікі, з пункту гледжання атакі на вароты. Праводзіць па 2−3 кідка за перыяд… проста дзіву даешся. Пачынаюць шукаць нейкія лішнія перадачы, калі вароты ўжо перад імі. Трэба кідаць, атакаваць, больш агрэсіўна дзейнічаць, быць нацэленымі на вароты. Гэтага ўсяго сёння не было, таму і нуль закінутых, і параза.

Свой наступны матч «Нёман» правядзе 27 жніўня ў Магілёве, дзе сустрэнецца з аднайменнай камандай.