3 верасня ў Цэнтры гарадскога жыцця (Кірава, 3) адкрыецца выстава «Ровары дзядзькі Андрэя». Беларускі калекцыянер Андрэй Камоскі прадставіць сваю калекцыю двухколавага транспарту. Некаторыя ровары былі выпушчаныя ў нашым горадзе яшчэ да пачатку Другой сусветнай вайны.

Выстава перш за ўсё прысвечана 90-годдзю пачатку прыватнай вытворчасці ровараў у Гродне [рэгістрацыі ў польскім гандлёвым рэестры — рэд.] завода «Нёман». Першая мадэль пад маркай NSG, як мяркуецца, расшыфроўваецца як Nochum Starowolski Grodno.

У Андрэя чатыры з 12 мадэляў усяго асартыменту даваеннага «Нёмана». Калекцыянер мяркуе, што сёння гэта, магчыма, самая вялікая падборка ў Беларусі. У Гродне ён прадставіць як ровары «Нёман», так і іншыя мадэлі. Сярод іх будуць дзіцячыя, а таксама розныя аксэсуары на двухколавы транспарт.


Калекцыянер з Мінска збірае міжваенныя ровары «Нёман» і хоча выставіць іх у Гродне


Андрэй спадзяецца, што на выставу ў Цэнтр гарадскога жыцця прыйдуць і тыя гродзенцы, якія распавядуць яму нешта цікавае пра ровары «Нёман», тое што ён не ведае. Таксама калекцыянер плануе ў Гродне адшукаць новыя экспанаты для будучай выставы.

Вяртанне легенды: у Гродне на выставе пакажуць ровары "Нёман"
Андрэй з часткай сваіх ровараў

Даведка

«Крэсова фабрыка ровараў і матацыклаў „Нёман“» (па-польску «Niemen») — так гучала назва аднаго з вядучых прадпрыемстваў Гродна ў міжваенны час. Гісторыя завода пачалася ў 1894 годзе, калі браты Лазар і Нохум Старавольскія, а таксама Ісаак Піваварскі, заснавалі завод металічных вырабаў, які меркавана знаходзіўся на сучаснай вуліцы Маладзёжнай. Тут у сярэдзіне 1920-х гг ужо існавала краму Старавольскіх, дзе прадавалі ровары фірмы «Durkopp» і іншых марак, швейныя машынкі «Pfaff», «Амега» і іншыя.

Пачатак вытворчасці ровараў прадпрыемства Старавольскіх і Піваварскага датуецца 17 ліпеня 1926 года. У пачатку 1930-х гг Нохум Старавольскі, які да таго часу ўжо стварыў акцыянернае таварыства, планаваў пашырэнне свайго прадпрыемства. У пачатку 1931 года ён купіў будынак на вуліцы Брыгіцкай, 20 (сучасная Карла Маркса) і перабудаваў яго пад завод па выпуску ровараў. Нохум узначаліў прадпрыемства, а яго сын быў галоўным інжынерам. У 1936 годзе ў Гродне было выпушчана каля 10 000 ровараў. На іх рамах была выява новага замка і надпіс «Niemen». На прадпрыемстве працавала каля 100 чалавек.

Гродзенскія ровары па сваёй канструкцыі былі якаснымі копіямі найлепшых нямецкіх мадэляў, але з некаторымі адрозненнямі. У 1936 годзе Старавольскі ўзяліся за вытворчасць матацыклаў, якія выпускалі да 1939 года.
Вяртанне легенды: у Гродне на выставе пакажуць ровары "Нёман"
Пасля Другой сусветнай вайны на гэтым прадпрыемстве выраблялі агрэгаты для аўтамабіляў, а ў 1970-х гг завод перавезлі на вуліцу Карбышава. У 2005 годзе будынак былой фабрыкі Старавольскіх разбурылі. Сёння ў Гродне амаль нічога не нагадвае пра знакамітую вытворчасці ровараў і матацыклаў у міжваенны час.

Перадрук матэрыялаў Hrodna.life магчымая толькі з пісьмовага дазволу рэдакцыі. Кантакт info@hrodna.life