У судзе Шчучынскага раёна вынесены прысуд па крымінальнай справе аб гібелі 16-гадовага Андрэя Дараховіча.

Абвінавачанаму 18-гадоваму Руслану Сіроціну прызначылі 9 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму, піша naviny.by. Прысуд яшчэ не ўступіў у законную сілу.

Максімальнае пакаранне, якое пагражала Сіроціну, — 15 гадоў калоніі.

Трагедыя адбылася 1 красавіка ў Лідзе ў распранальні пры спартыўнай зале вучэльні. Пасля трэніроўкі Руслан Сіроцін ударыў 16-гадовага Андрэя Дараховіча ў грудзі не менш за тры разы. Ад апошняга ўдару Андрэй упаў, у яго спынілася сэрца, хуткая дапамога не змагла яго выратаваць.

Следчы камітэт распачаў справу на падставе ч. 1 арт. 144 (прычыненне смерці па неасцярожнасці) Крымінальнага кодэкса Беларусі праз два тыдні пасля смерці Дараховіч.

Пазней справу перакваліфікавалі на ч. 3 арт. 147 (наўмыснае прычыненне цяжкага цялеснага пашкоджання, што пацягнула за сабой па неасцярожнасці смерць чалавека). Першы артыкул прадугледжваў да трох гадоў калоніі, другі - да 15 гадоў.

Старшыня СК Іван Наскевіч ў ходзе расследавання справы адзначыў, што трагедыя з падлеткам была не прыватным выпадкам, а праблемы ў дзейнасці вучэльні мелі «сістэмны характар».

Паводле яго слоў, за апошнія гады выхаванцаў абвінавачвалі ў шэрагу злачынстваў, што стала вынікам «бескантрольнасці за імі з боку трэнераў, выкладчыкаў, выхавальнікаў і службовых асоб абласнога ўзроўню, якія закліканы каардынаваць і кантраляваць адукацыйны і выхаваўчы працэс».


Бацькі памерлага ў Лідзе падлетка-цяжкаатлета: «Гэта дзедаўшчына ў спорце»


У снежні 2018 года быў звольнены кіраўнік Гродзенскай дзяржаўнай вучэльні алімпійскага рэзерву Тадэвуш Калошыч. Паводле высноў Генпракуратуры, у вучэльні выявілі парушэнні заканадаўства, што ўшчамляюць правы і законныя інтарэсы навучэнцаў.