У гродзенскіх абаронцаў жывёл ёсць шмат пытанняў да працы брыгад па адлове бяздомных жывёл. Часта жывёлы пасля адлову не даязджаюць да пункта ўтрымання жывымі. Гродзенскія актывісты паспрабавалі назіраць за планавай працай брыгад па адлове, але ў выніку прыйшлося звярнуцца ў пракуратуру.

Каб разабрацца, чаму жывёлы не выжываюць, актывісты гатовыя ў вольны час назіраць за працай брыгад па адлове. Брыгады выязджаюць па заяўках і паводле графіку. Працу па заяўках адсачыць складана, а вось з графікамі намагалася азнаёміцца грамадзянская ініцыятыва «Гародня». Разам з зоаабаронцамі актывісты ездзілі да дырэктара САГ, да майстра ўчастка па адлове, але ім адмаўлялі.

На першы пісьмовы зварот таксама была дадзена адпіска, пасля чаго юрыст САГ у гутарцы запэўніў, што ў наступны раз, у адпаведнасці з законам «Аб зваротах грамадзян і юрыдычных асобаў», можна будзе азнаёміцца ​​з графікам працы брыгад па адлове ў Гродне на 2019 г. Але новы пісьмовы адказ таксама ні да чаго не прывёў. Актывісты ўпэўненыя, што ў САГ баяцца кантролю абаронцаў жывёл і неабыякавых людзей, бо ім ёсць, што хаваць. У выніку адзін з гродзенскіх актывістаў звярнуўся ў пракуратуру.