Год таму мы распавядалі, як бабуля хакеіста «Нёмана» Міхаіла Хараманды на сектары разам з фанатамі падтрымлівала ўнука і каманду. 20 жніўня стала вядома, што гродзенка памерла.

Галіне Маркаўне Рагачэўскай было 68 гадоў. Тры апошнія гады яна актыўна падтрымлівала гродзенскі «Нёман» і часта прысутнічала на хатнім фан-сектары лядовага палаца.

«На хакей я хаджу ўжо даўно і на фан-сектары ў мяне ёсць сваё месца, — распавядала Галіна Маркаўна. — Матчы ў Гродне я стала наведваць, калі яшчэ Міша гуляў у „Гомелі“. Бывала, стаяла адна на гасцявым сектары. Калі ён пераехаў у Гродна, я стала заўзець за „Нёман“».

Пайшла з жыцця бабуля Галя - самая сталая фанатка хакейнага "Нёмана"

«Падтрымліваю не толькі ўнука, але і ўсю каманду». Як бабуля Галя заўзее за «Нёман»


Ведала крычалкі і паскакаць магла

Пасля прыезду Міхаіла Хараманды ў Гродна Галіна Маркаўна спачатку асобна падтрымлівала ўнука, але пасля яе запрасілі на фан-сектар. Жанчына з вялікім задавальненнем прыняла прапанову.

«Падышлі хлопцы і сказалі, што мяне ведаюць. Мы пагутарылі і яны запрасілі на фан-сектар. Пагадзілася і пайшла. Я была без атрыбутаў, а клуб і фанаты падарылі мне шалік. Я гатовая была заплаціць, дык не — яны хацелі мне зрабіць падарунак. Да другога сезону я ўжо і крычалкі вывучыла і нават іншы раз паскакаць з фанатамі магу. Але вось на выезды не езджу, бо ўжо старэнькая я, ціск падскоквае».

Пайшла з жыцця бабуля Галя - самая сталая фанатка хакейнага "Нёмана"
Пайшла з жыцця бабуля Галя - самая сталая фанатка хакейнага "Нёмана"
У пачатку сезона пачаставала ўсіх шакаладам

Пра смерць Галіны Маркаўны паведаміў лідар фан-руху ў Гродне Сяргей Емяльянаў.

«Бабуля Галя была неад’емнай часткай фан-сектару і падтрымлівала „Нёман“ вельмі актыўна, — распавядае Сяргей. — Перад матчам з „Лакаматывам“ у Кубку ёй стала дрэнна ў фае лядовага. Кровазліццё ў мозг, аперацыя, кома і на дзявяты дзень бабуля памерла ў бальніцы. Яна не прапускала практычна ніводнага хатняга матчу, стоячы на ​​нагах разам з усімі, часам прысаджваючыся на пару хвілінак, каб перадыхнуць, яна зараджала ўсе зарады разам з фан-сектарам. Перад пачаткам гэтага сезону бабуля прынесла на хакей цэлую кучу шакаладак „Алёнка“, раздавала іх фанатам на сектары, кажучы, што нядаўна ў яе быў Дзень нараджэння. Пасля казала мне, што за лета палепшыла здароўе і хацела б цяпер ездзіць з намі і на выезды. Нам будзе яе не хапаць».

Пайшла з жыцця бабуля Галя - самая сталая фанатка хакейнага "Нёмана"

Перадрук матэрыялаў Hrodna.life магчымая толькі з пісьмовага дазволу рэдакцыі. Кантакт info@hrodna.life