У сувязі з пашкоджаннем помнікаў на двухсотгадовых могілках у Лідзе раённы аддзел Следчага камітэта ўзбудзіў крымінальную справу. Былі разбітыя дзясяткі магіл.

Праз некаторы час у следчых атрымалася выявіць тых, хто здзейсніў гэты ўчынак. На могілкі панадзіліся дзеці - 10-гадовы хлопчык і яго 7-гадовая сястра, піша lidanews.by.

— Яны пражываюць недалёка ад могілак, — кажа начальнік інспекцыі па справах непаўналетніх Лідскага РАУС Іван Пыш. — У адзін з дзён дзеці каталіся на ровары і зайшлі на месца пахаванняў. Паблізу хлопчык знайшоў малаток і пачаў правяраць помнікі на трываласць. Такое свавольства яму спадабалася: пасля разам з сястрой ён прыязджаў на могілкі яшчэ некалькі разоў.

У дадзены час супрацоўнікамі раённага аддзела Следчага камітэта праводзіцца праверка. Крымінальная справа будзе спынена ў сувязі з тым, што яго фігуранты яшчэ не дасягнулі ўзросту, з якога настае крымiнальная адказнасць. Пакуль не вядома, ці панясуць пакаранне бацькі, якія не ўпільнавалі паводзіны сваіх дзяцей.