На выходных 10−11 жніўня гродзенцам тэлефанавалі з розных нумароў невядомыя. Чалавек на іншым канцы провада прадстаўляўся супрацоўнікам банка і казаў, што з пластыкавай карткай могуць быць праблемы, а для таго, каб іх вырашыць, неабходна падаць яе рэквізіты.

Як паведамляе УУС, некаторыя паведамлялі патрэбную інфармацыю, а праз некаторы час з іх рахункаў знікалі грошы. На 13 жніўня ў Кастрычніцкі РАУС Гродна з падобнымі заявамі звярнуліся 8 пацярпелых. У аднаго з іх выкралі 800 беларускіх рублёў.

Той, хто тэлефанаваў, выкарыстоўваў камп’ютарную праграму, якая змяняе нумар тэлефона.

«Дачыненне рэальных уладальнікаў нумароў не пацвярджаецца. Зараз мы праводзім комплекс аператыўна-вышуковых мерапрыемстваў, накіраваны на выяўленне асобы, якая ўчыніла гэта дзеянне. Хацелася б нагадаць грамадзянам, што нельга перадаваць рэквізіты сваёй банкаўскай карткі. Супрацоўнікі фінансавай установы не будуць запытваць падобную інфармацыю з дапамогай званкоў" — сказаў першы намеснік начальніка Кастрычніцкага РАУС Гродна падпалкоўнік міліцыі Вячаслаў Дземідовіч.

Калі вы сталі ахвярай падобнага роду тэлефаванняў, варта звярнуцца ў міліцыю.