Даволі незвычайная гісторыя адбылася на адной з баз адпачынку ў Гродне. Усё пачалося з таго, што каля 11 гадзін вечара вартаўнік ўбачыў, як у плот зашчаміўся мужчына. Высветлілася, што 37-гадовы мужчына ні да каго з адпачываючых на тэрыторыі дачынення не мае, але, знаходзячыся ў стане алкагольнага ап’янення вельмі ўжо захацеў трапіць на вечарыну. Але пайшоў не праз вароты, а палез праз плот, на якім і павіс, піша grodnonews.by.

Вартаўнік разам з адпачывальнікамі знялі яго і папрасілі пакінуць базу адпачынку. Аднак мужчына заўважыў, што на стале ёсць спіртное і катэгарычна адмаўляўся сыходзіць і ўдарыў вартаўніка.

— Нецвярозы мужчына неўзабаве вярнуўся, каб адпомсціць крыўдзіцелю, знайшоў металічную трубу, вярнуўся на тэрыторыю і разбіў ёй фары, люстэркі і шкло аўтамабіляў людзей, якія не пусцілі яго да сябе ў кампанію, — паведамілі ў аддзяленні інфармацыі і грамадскіх сувязяў УУС Гродзенскага аблвыканкама. — Такія дзеянні падазраванага ніхто не ацаніў, адпачывальнікі яго самастойна затрымалі і паведамілі пра здарэнне ў міліцыю.

Зараз у дачыненні да грамадзяніна распачата крымінальная справа па артыкуле «Хуліганства».