На электронныя таргі выстаўлена сінагога XIX стагоддзя, якая размешчана ў г. п. Поразава Свіслацкага раёна. Стартавы кошт аб’екта — 12,3 тысячы рублёў. Што цікава, у мінулым цэнтр рэлігійнага жыцця мясцовай яўрэйскай абшчыны цяпер сціпла называецца «склад», піша realt.by.

У тэхпашпарце паказана, што будынак быў уведзены ў эксплуатацыю ў 1964 годзе. Аднак, хутчэй за ўсё, маецца на ўвазе год перапрафілявання сінагогі пад склад. Таму што іншыя крыніцы паказваюць датай будаўніцтва канец XIX стагоддзя.

Гэта практычна адзіная ў Беларусі сінагога з бутавага каменя (усе астатнія — цагляныя), знос якой па афіцыйных ацэнках складае 47%.

Вонкавыя сцены выкладзеныя з каменя, ўнутраныя — з цэглы. Пры гэтым каналізацыі, вадаправода, ацяплення і электрычнасці няма. Вентыляцыя — натуральная.

Агульная плошча будынка — 474,3 кв.м. Мэтавае прызначэнне — «будынак спецыялізаванае складоў, гандлёвых баз, баз матэрыяльна-тэхнічнага забеспячэння, сховішчаў». Зараз былой сінагогай валодае Гродзенскае абласное спажывецкае таварыства.

Мяркуючы па ўсім, купіць склад ніхто не спяшаецца — электронных заявак на аб’ект пакуль не паступала.